epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Клінам свет

Адкуль патрыятызму быць у маладых,

Патрыятызм якіх ніколькі не цікавіць?

Культура, мудрасць кніг мала цікавіць іх,

Яны свой час у інтэрнэце бавяць.

 

Што за патрыятызм?

Для многіх клінам свет,

Праспала душы моладзі дзяржава.

Затое не праспаў дасужы інтэрнэт,

Сваёй маной ён труціць душы жвава.

 

Не спіць і ён —

Інфармацыйны час,

За душы барацьба ідзе сурова.

Наведайце у школе нашай

першы клас —

Там пра патрыятызм — аніпаўслова.

 

Як важна раскрываць

З сям’і, з малечых год,

Патрыятызм на словах і на справе,

Інакш не патрыёт расце, а антыпод

Свайму грамадству і сваёй дзяржаве.

 

Мяняе час людзей,

Час не стаіць, ідзе —

Як грымнуў гром, мы моладзі папрокі:

Дзе ваш патрыятызм?

Радзіма ваша дзе?

І дзе нацыянальнасці вытокі?

 

Патрыятызм не можа ўзяцца ніадкуль,

Як і сплючы ніхто не створыць дзею.

У інтэрнэтных «вундэркіндаў» —

Разумення нуль

І пра нацыянальную ідэю.

 

Не станеш патрыётам,

Хоць сто гадоў жыві,

Калі жывеш штодня з маною разам.

Патрыятызму ў сэрцы месца,

У крыві,

Патрыятызм не адрадзіць Указам.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.