epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Колкасць

Не рваў я ружы,

не абламваў глог,

І не бадзяўся

ў гушчары паўночна,

А сколаты ад галавы да ног

Употай некім,

некім — відавочна.

 

Крутнуўся, павярнуўся і — укол,

Як кажуць,

не паспеў міргнуць і вокам.

Але я й сам —

далёка не анёл,

Магу кальнуць кагосьці незнарокам.

 

З гадамі абрастаем пакрысе

Нястрыманасцю, колкасцю паводзін.

Зрабіліся калючымі мы ўсе —

А ці ж былі мы гэткімі з народзін?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.