epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Конь

Мой верны конь прытомлена брыдзе

І пугаўё яго не панукáе —

Мінулае не дзенецца нідзе,

А будучыня — дробязь, пачакае.

 

Адплакалі між хмараў жураўлі

І зноў над галавой маўкліва й шэра.

Куды спяшацца? Святы адгулі,

Наперадзе апошняя вячэра.

 

Углыбіўся ў сябе я і прыціх,

Ад успамінаў цесна мне на возе.

Я лейцы адпусціў, бо конь без іх

Прытулак знойдзе — ён даўно ў дарозе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.