epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Коні

Нібы ў моры

кавалачкі сушы,

Вы знікаеце —

вас не стае.

Нам за гэта

жалезныя душы

Час-прагрэс,

час-кузнец адкуе.

 

Час куе нам

жалезныя путы,

З кузні часу —

і грукат, і чад.

Але сам час —

як конь той раскуты —

 

Прыстае, асабліва ля хат.

Прыстае ля вясковых падворкаў,

Дзе сялянскага лёсу дуга,

Дзе стаіць, уздыхаючы горка,

Па каня — састарэлых чарга.

 

Без каня — ні пасеў, ані ўборка

На сялянскіх надзелах-шматках...

 

Вось чаму сёння —

крыўдна і горка

Тым, хто выжылі з коньмі ў руках.

 

Коні, коні!

Разбег чалавецтва...

Вы цягнулі нас

з багны вякоў,

Нас выносілі

з войнаў і бедстваў

Да ракет, да машын, цягнікоў.

 

Непатрэбныя вы...

Гэта — здрада!

Мы «аддзячылі» вам —

нішчым вас.

Сярод грукату,

ляскату,

чаду —

Помнік ставім вам...

з вашых каўбас.

 

Заглынула нас чэрствасць —

па вушы,

Багна часу —

глыбей з кожным днём,

Але нашы падстылыя душы

Адтаюць пры сустрэчы з канём.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.