epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Конкурс

У лістападзе, напярэдадні зімы, сумна зрабілася ў лесе. Дрэвы скінулі сваю зялёную вопратку, не стала ягад і грыбоў — холадна і голадна. Многія птушкі адляцелі ў вырай, а тым, якія засталіся зімаваць, было не да спеваў і весялосці.

Адны толькі Сарокі неўгамонна стрыкаталі, паказваючы ўсім, што і восенню можна жыць весела, і з надыходам зімы жыццё не спыніцца.

Аднойчы яны вырашылі ўчыніць жарт, каб расштурхаць лясных жыхароў і прыўнесці жывінку ў сумнае перадзім’е. Разляцеліся яны па ўсім лесе, абвяшчаючы: «Конкурс! Конкурс! Запрашаем усіх да непахіснага Дуба ля блакітнага возера на конкурс!»

Зляцеліся да Дуба птушкі, збегліся звяры, спаўзліся вужакі і яшчаркі, прыскакалі жабы і — нават жучкі і павучкі. Запанавала вакол Дуба ўзрушанасць і ўсхваляванне.

Калі ўсе, хто пачуў Сарочы заклік, былі ў зборы, Мядзведзь звярнуўся да стрыкатунняў:

— Ну, які конкурс бы абвясцілі? Што надумалі?

Сарокі разгубіліся. Пажартаваць яны пажартавалі, але не спадзяваліся, што так дружна і сур’ёзна адгукнуцца на іх заклік лясныя жыхары.

Усталявалася доўгая паўза. Сарокі пераглядаліся, перашэптваліся, але нічога ім у галаву не прыходзіла.

Узрушанасць уляглася і зноў зрабілася сумна ўсім. Мядзведзь нават пазяхнуў ва ўвесь рот.

Убачыўшы Мядзведзева пазяханне, адна з сарок прапанавала:

— А конкурс будзе такі: хто каго перазяхае! Не! Не! Лепш — хто каго пераспіць!

Усе здзіўлена загаманілі, зноў усхваляваліся, заспрачаліся. Як заўсёды ў такіх выпадках знайшліся тыя, хто быў «за» і тыя, хто «супраць».

— Я супраць! — крычала Сойка.— Я ўвогуле не люблю доўга спаць. Я спадзявалася, што будзе конкурс прыгажосці,— і яна дэманстратыўна расправіла свае крылы і пакруцілася, паказваючы ўсім сваё рознакаляровае пер’е.

Сінічка, дык тая і паўхвілінкі не магла высядзець на адным месцы. Яна падтрымала Сойку, бо мела шыкоўны жоўценькі сарафанчык і чорную шапачку.

— Я таксама не люблю спаць! Лепш няхай бы быў конкурс спрытнасці і руплівасці!

Снягір выставіў уперад сваю чырвоную грудку і ўсклікнуў:

— Я абодвума крыламі і лапкамі за конкурс прыгажосці!

— Ціха! — раўнуў Мядзведзь.— Што ўсё птушкі ды птушкі выказваюцца? Што думаеш, Дзік?

— А я нічога не думаю,— рохнуў Дзік і пачаў падкопваць карэнне ў Дуба, шукаючы жалуды.

— А ты, Ліса, што скажаш?

— А можна я пасля вас выкажуся, шаноўны Міхайла Міхайлавіч? — зазірнула Мядзведзю ў вочы Ліса.

— Другога я і не спадзяваўся пачуць ад цябе, Рыжая,— усміхнуўся Мядзведзь.

— А ты, шэры, што думаеш? — звярнуўся ён да Воўка.

Воўк пабаяўся не дагадзіць Мядзведзю, таму схітрыў:

— Я, калі дазволіце, як і Ліса... Вось Заяц, ён у нас разумны, спытайцеся, Міхайла Міхайлавіч, у яго.

— А ў мяне пытацца і не трэба, я сам скажу: я і спаць люблю, і скакаць люблю! — бадзёра адказаў Вушасцік.

— Тады давайце галасаваць,— прапанаваў Мядзведзь.

Пачалося галасаванне. Жаба, як і трэба было чакаць, галасавала супраць конкурсу прыгажосці. Вужакі, Яшчаркі, калючыя Вожыкі, нават не пазбаўлены прыгажосці Барсук, галасавалі таксама супраць. Магчыма, яны і не вельмі хацелі прасыпаць частку свайго жыцця, але, паколькі не лічылі сябе прыгажунамі, вырашылі лепш паспаць, чым прайграць конкурс прыгажосці.

Мядзведзь пакуль не галасаваў, каб сваім аўтарытэтам не ціснуць на канкурсантаў. Вось чаму Воўк, Ліса і Заяц вырашылі лепш устрымацца.

Калі ж падлічылі тых і тых, атрымалася што галасы падзяліліся пароўну.

Усе з напружаннем паглядзелі на Мядзведзя.

— Мой голас пераважыць у той ці іншы бок. Я галасую за тых, хто вырашыў аддацца сну. І раблю гэта таму, што зімой мне будзе вельмі цяжка пракарміцца. Але гэта не значыць, што меншасць павінна падпарадкоўвацца большасці. Таму конкурс будзе працягвацца ў двух кірунках — хто каго пераспіць і хто больш прыгожы ў нашым лесе. А вы, хітруны,— звярнуўся ён да Воўка і Лісы,— далучайцеся да каго захочаце.

Мядзведзь яшчэ раз салодка пазяхнуў і пайшоў ладкаваць на зіму першую ў сваім жыцці бярлогу.

За ім, у розных кірунках, пачалі распаўзацца і разыходзіцца астатнія «сплюшкі», каб праспаць усю зіму.

Але вясной бесклапотныя Сарокі забыліся абвясціць усіх, што конкурс закончыўся. Таму кожны год, позняй восенню, перад зімой, многія нашы канкурсанты старанна ўкладваюцца спаць, спадзеючыся заняць першае месца.

А астатнія прыгажуны, такія як Сойка, Снягір, Сінічка, Дзяцел і хітруння Ліса, круглы год з гонарам і годнасцю, заслужана фарсяць сваёй непаўторнай прыгажосцю.

Ад іх не адстаюць і неўгамонныя, апранутыя ў афіцыйныя чорна-белыя фрэнчы, Сарокі, якія і заварылі ўсю гэту конкурсную «кашу».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.