epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Конкурс Еўрабачанне

Прэстыжны конкурс — Еўрабачанне,

Прывабны воку, слушны вуху.

Ды беларускасці, прабачце мне,

Тут кот не плакаў, няма й духу.

 

І тут, на жаль, не ўсё духоўнае —

Інтрыгі, змовы і падкусы.

Тут недзе й нашы «памяркоўныя»,

Па пратаколе — беларусы.

 

І выглядаюць недарэкамі,

Крыўляцца, малпнічаць гатовы.

І па-англійску «кукарэкаюць»,

Не ведаючы роднай мовы.

 

Тут свята песні міжнароднае.

А мы? Няўжо тут выпадкова?

Ніколі наша мова родная

Тут не гучала — ані слова.

 

А мы ж адкрытыя, душэўныя

Перад усім вялікім светам.

І нашы песні ўсе — напеўныя,

Чаму ж не ганарыцца гэтым?


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.