epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кот Гаўрык

Кот Гаўрык распачаў сваё жыццё ў сям’і Васіля і Настасі, і жыве ў іх ажно цэлых пяць гадоў. Праўда, Гаўрыка можна толькі цяпер зваць катом, бо ён зрабіўся важным кацярам, з вялікай галавой, шырокай спіной і акруглым жывоцікам. Асобы гонар Гаўрыка — яго пышны, «вавёркавы» хвост.

А пачынаў ён сваё існаванне пад сонцам маленькім кацяняткам на крывенькіх няўклюдных лапках, з востранькай спінкай, над якой тоненькай антэнкай тырчаў смешны хвосцік.

За такую малечую кволасць і смешны блазнюковы выгляд яго і назвалі Гаўрыкам.

Катка ўсе любілі і ён усім дзячыў тым жа.

Але аднойчы маленькі Гаўрык памыліўся і схадзіў па патрэбе не ў свой латочак з пясочкам, а ў вугал на падлогу. Яго, у парадку выхавання, патыцкалі носікам у сваю патрэбу ў непатрэбным месцы і крыху далі плескача па тым месце з якога расце антэнка-хвасток. Гаўрык пакрыўдзіўся і зашыўся ў другі чысты вугал. Ён доўга адтуль не выходзіў і ўсё ніяк не мог зразумець, за што яго, любімца гаспадароў, гаспадары ж і пакаралі?

Будучы з народзін кемлівым катком, ён пачаў, як кажуць, глядзець у рот сваім гаспадарам. І не толькі глядзець, але і адкладваць у сваёй маленькай галоўцы сэнс кожнага слова, кожную інтанацыю. І да таго ён прызвычаіў свае мазгі, свой маленькі «камп’ютар» да чалавечай мовы, што ўжо праз год, каб вывучыўся гаварыць, мог бы працаваць выкладчыкам беларускай мовы.

Вось што значыць прымаўка: «Урок пайшоў на карысць».

Цяпер жа, у сталым узросце, ледзь толькі гаспадары раскрывалі рот, як Гаўрык ужо ведаў, што яны скажуць.

Аднойчы Васіль кажа сваёй жонцы:

— Слухай, Настася, наш Гаўрык разляноціўся настолькі, што перастаў лавіць мышэй. Заходжу я неяк у хату і бачу, як мыш частуецца з Гаўрыкавай міскі, а ён, басяк, назірае за ёй ды нядбайна пазяхае:

— Будзе ён табе мышэй лавіць, калі ў яго пад носам каўбаска не пераводзіцца і малачко не перасыхае,— адказала Настася.

Гаўрык усё чуў і падумаў: «Патрэбны мне вашы мышы! У мяне, можа, другое прызначэнне ў жыцці... Эх, мог бы я размаўляць, я б адказаў вам, хто з нас больш разумны». І тут Гаўрык злавіў сябе на гэтай думцы. Ён востра адчуў сваю непаўнацэннасць у жыцці. «Я ж усё разумею! Кожнае слова! — падскочыў ён.— Мне б толькі навучыцца агучваць словы! Агучваць — толькі і ўсяго!»

— Глянь, Настася,— звярнуўся Васіль да жонкі,— падскочыў наш гультай, калі пачуў крытыку ў свой адрас. Будзем спадзявацца, што сумленне ён яшчэ не згубіў.

«Не згубіў, не згубіў!» — мяўкнуў кот і падаўся хутчэй на двор, каб знайсці патаемнае месца на гарышчы і тэрмінова пачаць вучыцца агучваць словы.

Тут нялішнім будзе такое параўнанне: няхай хтосьці з людзей паспрабуе агучваць кітайскія словы — язык напачатку зломіць, мазгі выкруціць. Але пры настойлівасці і кітайская, і іншыя мовы, праз пэўны час пададуцца лёгкімі ва ўжыванні.

Прыкладна гэтаксама кот Гаўрык — і язык свой ламаў, і мазгі выкручваў, але паступова, дзень за днём, тыдзень за тыднем, настойлівы і кемлівы Гаўрык авалодаў маўным гучаннем. Праўда, каб зразумець яго «дыялект», трэба было моцна напружыць мазгі і праявіць, цяпер ужо чалавечую кемлівасць. Але ўсё ўдасканальваецца з часам і на практыцы. А паколькі Гаўрык практыкавацца з гаспадарамі пакуль саромеўся, яму даводзілася быць «тэатрам аднаго акцёра».

Паехалі неяк Васіль з Настасяй да сваіх сваякоў пагасціць. Загасціліся і заначавалі ў іх у другой вёсцы. Пакуль яны там ноччу спакойна спалі, не спалі ў шапку злодзеі, якія начамі робяць сваю ганебную справу — крадуць у людзей усё, што пад руку трапляе.

Вось гэтай ноччу яны залезлі ў дом да Гаўрыкавых гаспадароў. Павыграбалі ўсё каштоўнае: тэлевізар, адзенне з шафы, грошы.

Напалоханы Гаўрык затаіўся пад ложкам і з жахам за ўсім назіраў.

Вярнуліся гаспадары дамоў і ў адчаі схапіліся за галаву — заробленае сваім мазалём засталося прайдзісветам. Выклікалі яны міліцыю, напісалі заяву, падпісалі нейкія паперы, складзеныя ахоўнікам парадку і засталіся ні з чым.

Пасля ад’езду міліцыі, гаспадыня, як жанчына, горка плакала, а Васіль хадзіў па хаце і, як пацеры, паўтараў:

— Няўжо ж не знойдуць прахадзімцаў? Няўжо ж не пакараюць злачынцаў?

Настася скрозь слёзы хліпала:

— Лёгка сказаць, каб знайшлі... Не так гэта проста. На лбе ў чалавека не напісана, злодзей ён ці сумленны.

Тут з-пад ложка вылез Гаўрык і, «ламаючы язык», далажыў:

— Злодзеі — Максім і Нічыпар.

Жонка здрыганулася і зірнула на Васіля:

— Гэта ты сказаў?

— Н-не... — аслупянеў Васіль.— Я думаў, што гэта ты скрозь слёзы так невыразна прага-га... Га-аў-рык? Гэта ты зараз назваў Максіма і Нічыпара?

— Ну, я... Ну што тут дзіўнага? — фанабэрыста адказаў кот.

— Мы здурнелі! — пляснула ў далоні Настася.— Ты здурнеў, Васіль! Хіба ж каты размаўляюць?

— Каты — не, а я размаўляю! — зноў ганарліва прамовіў Гаўрык.— Максім і Нічыпар былі, я іх ведаю.

А паколькі ўсе каты гуляюць самі па сабе, дык і Гаўрык усе гэтыя гады гуляў па ўсёй вёсцы і ўсіх ведаў. Ён вясной завітваў нават у суседнія вёскі, калі даведваўся, што там ёсць прыгожая котачка. Таму і жыхароў навакольных вёсак ведаў таксама.

— Бяжы хутчэй у міліцыю! — ускочыла Настася.— Хутчэй, Васілька!

У міліцыі, куды прыбег Васіль, некалькі разоў здзіўлена перапыталі:

— Хто вам сказаў? Ко-о-от?

— Так! Так! — усхвалявана пацвердзіў Васіль.— Наш кот Гаўрык!

Дзяжурны міліцыянер, да якога звярнуўся Васіль, зняў тэлефонную трубку і некаму загадаў:

— Выклікай тэрмінова «хуткую дапамогу», тут грамадзянін з’ехаў з розуму.

— Пачакайце! — ускочыў Васіль.— Пачакайце выклікаць «хуткую»! Спачатку праверце Максіма і Нічыпара, а потым рабіце са мной, што палічыце неабходным.

Дзяжурны стомлена сказаў у тэлефонную трубку:

— Адкладзём выкліканне «хуткай» Рыхтуй аператыўны нарад на выезд!

На здзіўленне аператыўнікаў, усё крадзенае знайшлося ў названых Максіма і Нічыпара, якія ва ўсім прызналіся.

— Што гэта? — здзівіўся начальнік міліцыі.— Супадзенне ці ўнікальная з’ява ў жыцці жывёл?

Начальнік крымінальнага вышуку нерашуча прапанаваў:

— А што, калі б нам гэтага ката залічыць у штатныя супрацоўнікі? Крадзяжы з дамоў, асабліва з багатых катэджаў сыпяцца, як гарох з дзіравага меху.

— Ды ты што?! — запярэчыў начальнік міліцыі.— Засмяюць нас, як даведаюцца, асабліва прэса.

І ўсё ж, пасля доўгіх ваганняў, вырашылі ката Гаўрыка аформіць, як малодшага аператыўніка, і нават прысвоілі яму званне сяржанта міліцыі.

А выкарыстоўваць «маладога аператыўніка» вырашылі так: паколькі асноўным галаўным болем для міліцыі былі крадзяжы з катэджаў, іх гаспадароў папрасілі абвяшчаць па чарзе пра ад’езд «далёка і надоўга», каб гэта інфармацыя даходзіла да зацікаўленых вушэй. Але катэдж не пуставаў, у ім пакідалі Гаўрыка. Гэта была ўсім вядомая, так званая «лоўля на жыўца».

Пасля чарговага крадзяжу, Гаўрык, які быў жывым сведкам злачынства, выкладваў, як на блюдзе, сваім калегам па службе:

— Былі Сымон і з ім некалькі незнаёмцаў...

Наступным разам:

— Быў адзін Змітрок з суседняй вёскі...

А потым:

— Шукайце ў Івана і Дзям’яна...

Аднаго разу Гаўрык развёў лапамі:

— Былі нейкія залётныя, зусім незнаёмыя...

Давялося доўга складаць фотапартрэт злачынцаў, пакуль кот упэўнена не заявіў:

— Падобныя! Вельмі падобныя!

Хутка гэтых «падобных» вылічылі і затрымалі.

Дыяграма раскрыцця злачынстваў рэзка пайшла ў гару, за што высокія міліцэйскія чыны атрымалі павышэнне па службе.

І кату Гаўрыку вырашылі прысвоіць чарговае спецыяльнае званне «малодшы лейтэнант міліцыі», але кот нечакана знік.

О, як узрадаваліся Васіль і Настася, калі іх любімы кот з’явіўся дома.

— Цябе адпусцілі! — падхапілі яны Гаўрыка на рукі, прыціскаючы да грудзей.

— Не, я сам... — нядбайна адказаў кот.— Мне надакучыла дакладаць па стойцы «смірна» ды браць лапай «пад казырок». Я крыху адпачну ў родным доме і буду рыхтавацца да паступлення ў міліцэйскую акадэмію...

А пакуль, я пайду пагуляю — сам па сабе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.