epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кожны час

Як свіння, ён носам рые,

Хоць падставы і няма:

— Мой ты Бог!

Які стары я!

Хутка, хутка ўжо зіма.

 

А калі узяў у рукі

Фотаздымак праз гады:

— Гляньце, дзеці!

Гляньце, ўнукі!

Я ж зусім тут малады!

 

Як тады глядзелі вочы

Сталасць ганьбячы маю?

Вось цяпер я, каля ночы,

На краі жыцця стаю.

 

А калі усё ж, нарэшце,

Час апошні надыйшоў,

Папрасіў ён, каб прынеслі

Фотаздымкі ўсіх часоў.

 

— Вось што, ўнукі,

Вось што, дзеці,

Ўсе гады цаніце вы.

Даражэй за ўсё на свеце.

Кожны год, пакуль жывы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.