epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крэда

Было у дзеда крэмень-крэда —

Да баб чужых — ні кроку.

Але й без крэда ля Міхеда,

Палова дзедава — Рагнеда,

І дзень, і ноч ля боку.

 

А Бог зварганіў так мужчыну,

Ён лепш не будзе есці,

А знойдзе свежую жанчыну,

Бо прыйдзе час і ў дамавіну

Ой, сорам будзе лезці.

 

— Эх, падчаплю сабе бабёнку,

Настаўлю жонцы рожкі! —

За грэшнай марай наўздагонку,

Ён пакульдыкаў прэч ад жонкі

З канца ў канец па вёсцы.

 

Але ж у вёсцы, як вядома

Усе свае «абноскі» —

Што — у суседа, як і дома,

Старая гэткая ж кулёма —

Што ж, састарэлі вёскі.

 

Дзед клыпаў да сваёй сядзібы,

Паціху вечарэла.

А справа, злева — лёсу хібы.

Ён схамянуўся, вырас нібы,

І азірнуўся смела.

 

— Няўжо мне зноў у кут запечны? —

Сабе пад нос мармыча,—

Няўжо я сам — свой крыж адвечны?

Эх, падгульну я з першай стрэчнай,

Хоць з чортавым абліччам.

 

І раптам бачыць — тралі-валі,

І сэрца ёк у дзеда.

Калі ж наблізіўся да кралі,

Хімеры-мары ўсе адпалі,

Ішла яго Рагнеда.

 

— Куды ты выслізнуў, старэча? —

Рагнеда да старога.

— Ды я з табой шукаў сустрэчы,

Ад лёсу не ўцячэш, дарэчы,

Ад жонкі і ад Бога.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.