epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кропка невяртання

Цывілізацыі, да нас былі якія,

Напэўна клалі «быць-не быць» на шалі.

І знесла іх ў нябыт «не быць» стыхія.

Якую замест «быць» яны абралі.

 

Яны, так, як і мы, ішлі з пячоры

Да самых скрытых тайнаў навуковых.

Былі свае ў іх радасці і горы,

Была ў іх прага да адкрыццяў новых.

 

І ўсё ж не размінуліся з бядою,

Трагічна памыліліся ў дадатак —

Стварылі раптам атамную зброю,

І гэта быў для іх канца пачатак.

 

Іх, пэўна, знішчыў атам гэты кляты,

Антаганізм палітыка-ідэйны.

А ў іх былі тады свае Сакраты,

Свае да-Вінчы і свае Эйнштэйны.

 

Быў Байран свой і Пушкін, і Купала

Быў Мендзялееў свой і Магамаеў,

І дзеячоў духоўнасці не мала,

І быў свой Македонскі і Чапаеў.

 

Й амбіцыі касмічныя таксама,

І цяга у глыбіні акіяна.

Былі, напэўна, й велічныя Храмы,

Служылі Богу ў іх самааддана.

 

Ўсё тое, што мы маем, а, магчыма,

Мы — рэха іх, мы ўсе — адно насенне.

Не можа чалавецтва без экстрыма,

Які прыводзіць да самазнішчэння.

 

Няўжо для ўсіх, усіх цывілізацый

Жыццё — на час, пустая акалічнасць,

І Бог, на жаль, заняты марнай працай,

Ствараючы часовасць і цыклічнасць?

 

Няўжо пачатак цыклу — час для ўзлёту,

Яго канец — з палётам развітанне?

І кожная з цывілізацый потым

Сваю праходзіць кропку невяртання.

 

Ці ж для таго з нуля стваралі кроўна

Праз намаганні свет свой пакаленні,

Каб скарб матэрыяльны і духоўны

Канцом зрабіўся цыклу у імгненне?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.