epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крушні

У гушчарынах глухаменных,

Якіх наўрад ці родзяць сны,

Не мала помнікаў каменных —

Звычайных крушняў. Скуль яны?

 

Тут дрэвам векавым раздолле,

Ды грыбнікоў тут галасы.

А некалі было тут поле

І гойдаліся каласы.

 

Тут гаспадарылі і дбалі

Аб хлебе, аб наступным дні.

Таму збіралі і цягалі

З палёў у крушні камяні.

 

А я, мінулага нашчадак,

Стаю тут ля сівых вякоў.

Пабачыць бы мне тых дзяўчатак,

Хлапцоў, жанчын і мужыкоў.

 

Зірнуць бы ў вочы ім адкрыта,

Пагутарыць, пажартаваць:

— Вы тут засейваеце жыта,

А з часам будзем лес буяць...

 

Нябачны час нібы застылы,

Ды не — лістае ён вякі.

Куды хто знік? Дзе іх магілы?

Хто тыя людзі — лёс які?

 

Няўжо сышло ўсё прахам, тонню,

І ўсё руйнуе час-зладзей?

Няўжо ж у лесе крушні сёння —

Адзінае ад тых людзей?

 

Схіліўся лес, стаіць знямелы

На месцы, дзе жыццё гуло.

Бяру я камень заімшэлы,

Хачу адчуць тых рук цяпло.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.