epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крык мухі

Танюсенька загаласіла муха,

Напэўна, у абдымках павука.

Ледзь далятае гэты гук да вуха,

Не зразумець, з якога ён кутка.

 

Яна ў бядзе — сваёй крывёю поіць

Пачварыну. Мацней, гучней крычы!

Мяне яе галоскі непакояць,

Я й рады быў бы ёй дапамагчы.

 

Ды як знайсці, дзе бедалага б’ецца?

Яе зумдзенне ледзьве-ледзь гучыць.

А ёй, перадсмяротніцы, здаецца,

Што на ўвесь свет яе бяда крычыць.

 

Ды не, пакуты мухі-весялухі

Свет не пачуў між безлічы падзей.

Падумаеш, жыццё маленькай мухі! —

Вунь, колькі незаўважаных людзей...


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.