epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крылы калыханкі

Каб гэта быў мой верш апошні самы,

Пра што б хацеў я напісаць найперш?

Я б напісаў пра калыханку мамы,

Ёй сёння абавязаны мой верш.

 

Ў жыцці шмат розных песень ёсць, вядома,

Святочных і жалобных — не злічыць.

Але ў душы свядома й падсвядома,

Да скону калыханка ўсё ж гучыць.

 

А старасць не такая ўжо і драма,

Калі маленства ажывае ў сне,

Калі мяне у сне люляе мама

І крылы калыханкі дорыць мне.

 

Мы сэрцам калыханку мамы чулі

І я калісьці гэта шчасце меў.

Паклон вам, незабыўныя матулі,

За той далёкі і галоўны спеў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.