epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крыніцы мовы

У кніжнай краме — выданняў мора

(А мне казалі — няма паперы...),

Вось тут для слоўца —абсяг-прастора!

Адчынім разам у краму дзверы.

 

О кнігі, кнігі! Здабытак-святасць!

Прылаўкі вабяць — на іх духоўнасць.

Аж рэжа вочы тамоў стракатасць,

Аж ззяе глянец, крычыць шыкоўнасць.

 

Пабеглі вочы, нібы па красках,

Па розных вокладках, па глянцы...

А з іх страляюць забойцы ў масках,

На іх шкілеты выводзяць танцы.

 

На іх — дэбілы, на іх — анёлы,

І кроў сцякае з дзіцячых твараў.

І не злічыць тут кабецін голых

У розных позах сярод пачвараў...

 

І раздзіралі душу пытанні,

І цесна думкам на сцежцы вузкай.

Хацеў я крыкнуць: — А дзе выданні

На нашай мове, на беларускай?..

 

Хацеў я крыкнуць, ды хто пачуе?

З кім падзяліцца балючым жахам?

Свядомасць наша яшчэ начуе

Пад спарахнелым, аджыўшым дахам.

 

І нашых продкаў святыя словы

Піхае ў цемру сляпая мода...

А ёсць жа кнігі — крыніцы мовы,

А ёсць жа кнігі — душа народа.

 

Я ў тыя кнігі ўчытаўся рана,

Я іх у сэрцы нашу з маленства.

І перажыць ім наканавана

Ўсіх камерцыйных часоў шаленства.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.