epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крывое люстэрка

Генадзь, хоць любіў свае родныя сцены —

Свой кут, ды звярнуўся да жонкі, Мілены:

— Духоўнасці ў нашым жыцці — не багата:

То хата — то праца, то праца — то хата,

То тэлеатруту глядзім, то ў талерку,

А што, калі б з’ездзіць праведаць швагерку?

Радня, як ні як — з кім яшчэ сустракацца?

Магчыма, і ў іх, як і ў нас: хата — праца...

Мілена падскочыла: — Дзіўны ты нейкі!

Такой ва ўсім свеце не знойдзеш сямейкі —

Сястра, але ўбачыць не маю ахвоты,

Яна з сваім Саўкам, ну й пара — два боты.

Што ён, што яна — кожны звягі стваральнік,

У іх жа замест языкоў — мацюгальнік.—

Генадзь не згаджаецца: — Кінь ты згрызоту!

Яны, можа, сплюнулі з роту брыдоту.

Ты піва налі, а праз час — знікне пена,

І ў іх з часам знікне благое, Мілена.

Мы будзем з табой, калі ўзнікне шуміха,

Паводзіць культурна, выказвацца ціха.

Ды што мы губляем? На моўны іх перчык,

Мы ляснем дзвярыма і — аравідэрчык...

Мілена здаецца: — Паедзем... пабачыш,

Гарбатага ў зграбнага не перайначыш,

Каторы ўжо раз заракаюся — досыць!

Ды еду, а потым душа аж галосіць...

 

* * *

І вось у нядзелю, ў святочным адзенні,

Пастукалі ў дзверы Савосю і Фені

Мілана з Генадзем (а франты якія!):

— Дазвольце да вас, сваякі, дарагія!

Савось як усклікне: — О, ёкарны шкворань!

Прыпёрліся ўсё-такі, маць вашу ў корань!

А мы зачакаліся вас, свалачынаў,

Даўно бы пратрэслі свой зад. Малайчыны!

І Феня сястру абдымае манерна:

— Нарэшце з’явілася, гадаўка, сцерва!

Я ж так цябе рада пабачыць, калоду,

Заходзьце! Зварганім гулянку, як з лёду.

Захмелім свой лыч да бяспамяцтва, клёва,

Сядай да стала, будзь, як дома, карова! —

Затым гаспадыня Савося гукнула:

— Ну, што ты прыстаў да Генадзя, як скула?

Вунь, сала нарэж, адкаркоўвай бутэлькі,

І так змарнавалі, лічы, паўнядзелькі.

А я каля печы крутнуся рупліва —

І, праўда, аздобілі стол, як на дзіва,

Мачанкай, каўбаскай, вяндлінай, капустай,

Блінамі і бульбай — прыгожа і тлуста.

І чаркі налілі ўрачыста і чынна.

Мілена ўхваліла: — Не стол, а карціна!

А мы нашчака, ажно зрання не елі...

— Дык што ж ты сядзіш, як... міндаль на вяселлі?

Прыткнула паўтонны кумпяк свой наўскрайку,

Ты сядзь на ўсю лаву, мяне слухай, Саўку!

Жары вунь капустачку, сала, каўбаску,

Закідвай халяву ў валё пад завязку.

А ты што не п’еш, не закусваеш, Гена?

Культурныя, маць вашу цераз калена.

Накінься на бульбу, пакуль не астыла,

І не выкабельвайся, хрэн табе ў рыла!..

Нарэшце кілішкі з прыцмокам кульнулі

І хвалі цяпла ва ўсім целе адчулі.

За чаркай — закуска, за зычаннем — чарка,

Адно за другім, без маруднасці, шпарка.

Генадзь, пасля шостай мо, расчырванеўся,

Пагладзіў жывот: — Як за грошы наеўся!

Падзяка вам шчырая, Феня і Сава!

Калі ж нам чакаць вас у госці? Цікава!

Мілена азвалася: — Сава і Феня,

І я далучаюся да запрашэння.

Тут Саўка даў волю свайму лексікону:

— Дарэмна, Генадзь, ты здымаеш карону.

Куды мы паедзем? Ды што мы, паўдуркі?

У вас бутэрбродзікі, чаркі-мінзуркі,

У вас жа графінчык, фужэрчык, бакальчык,

Відэлец бярэце, адставіўшы пальчык.

У вас жа на твары — лагоднасці маска,

Праз кожнае слова — «пардон», «калі ласка».

Я вашых манер не прымаю ўчыстую,

Мяне ад салодзенькіх слоў ванітуе.—

Раптоўна і Феня агучыла слова:

— А я дык у госці хоць сёння гатова!

Чым дома сядзець, палыкаючы слінку,

Прыемней намурзацца на дармавінку.

Не слухайце Саўку — напіўся мой злыдзень,

Прыедзем абодва — чакайце праз тыдзень...

 

* * *

Вярталіся госці з гасцей у напрузе,

Марудзіла думка настрой ім: — Што ж будзе?

Як ім дагадзіць — і Савосю, і Фені?

Дзе выйсце вышукваць, хоць стань на калені.

Маўчала Мілена, Генадзь быў маркотны —

Жыццё, як медаль, мае бок адваротны.

Раптоўна з Генадзя аж пырснулі словы:

— Прыдумаў! Ура! Што мы сушым галовы?

Мы елі вяндліну, каўбаску, мачанку,

Мы, як пад капірку, паўторым гулянку.

Усё, што і ў іх, будзе ў нас спарышова,

І нават гаворка — амаль слова ў слова.

Успомнім давай папярэднія гулі,

Ці ж мала абразаў ад іх мы глынулі? —

Мілена няўпэўнена гутарку правіць:

— Яны ж не давалі нам слова уставіць...

Ды чуе Генадзевы ноткі жывыя:

— У нас яны будуць сядзець, як нямыя!

Мы будзем няспынна сплятаць тары-бары,

Мы ўсё абмазгуем — напішам сцэнарый.

Для іх пустабрэх, як бяскрыўдныя жарты,

Мы ім аджартоўваннем зблытаем карты.

Хоць сорамна трафіць абразам і кпінам,

Ды выйсце адно ў нас, як кажуць, клін клінам.

 

* * *

Нарэшце настаў гэты дзень непазбежны,

Нервова-напружаны, сумны і смешны.

Ледзь толькі з’явіўся Савось на парозе,

А побач і Феня, як пані на возе.

Генадзь стаў разыгрываць першую сцэну,

Адразу ж гукнуў на падмогу Мілену:

— Ты глянь! Два паўдуркі ў святочным адзенні!

О, Саўка! О, Феня! Ды ну вас да фені!

А вочы галодныя! Як вы схуднелі!

Вы што, цэлы тыдзень пасцілі, не елі?

А сёння, замест бутэрбродаў — во, фічку!

Паклікалі вас мы на хлеб і вадзічку...

Жартую! Вунь стол, не хвалюйцеся, чэрці,

Прысмакі ў тры горлы дазволім вам жэрці.—

Савось рот раскрыў, толькі лыпаў вачыма:

— Не ў тыя я дзверы патрапіў, магчыма?

Адкуль столькі розуму і інтэлекту? —

Генадзь усміхнуўся: — І мы маем сметку!

Такімі разумнымі быць з жонкай мусім,

Ты палец у рот не кладзі нам — адкусім.—

Мілена ў гаворку ўступае памалу:

— Савось! Падпіхні сваю жонку-завалу!

Сястра, кастыляй праз парог, кратай ногі,

Прачніся, не стой, нібы пень ля дарогі.

Хутчэй да стала, і з разгону угасьце,

Ды толькі з нагамі на стол не залазьце.

Жартую, бо вы, спадзяюся, не свінні,

Савось, не штурхайся, дай сесці жанчыне.—

У Фені здзіўленне ў вачах: — Ну, сястрыца!

Не стол, а пасаг!.. Вось дык хлеб і вадзіца!

Няўжо гатавала сама? Пабажыся!

Такая тут закусь, хоць расперажыся.

Нарэшце і выпілі, і закусілі —

Законы гасціннасці — вечныя, ў сіле.

Савось ушчаміцца спрабуе ў гаворку,

Ды толькі Генадзь не дае й слова ўторкнуць:

— І што ты ўсё, Саўка, маўчыш безгалова?

Нібыта ў штаны ты наклаў — ані слова!

Ты ж быў гаваркі, як сто баб на базары —

Што, скіс? Адбасячыў сваё? Адгутарыў?

Тут Феня за мужа — гарою імгненна:

— Вы ж рот нам заткнулі!..

Ды ўстала Мілена

І выдала, нібы анучай па пысе:

— Ты слухай разумных людзей і вучыся!

Калі штосьці чутае недаспадобы,

Кульні вунь штрафную, пагрэеш вантробы!

Ты ж, Феня, малодшая, ёсць, пэўна, порах,

Ці ўсё разбазарыла, сучы твой потрах?..

Тут нечая шклянка з стала, як на ліха,

Дзын-дзын аб падлогу — і сціхла шуміха —

Пакой цішынёю напоўніўся ліпкай...

Ускочыла Феня, як першая скрыпка:

— На шчасце! Разбілася шклянка на ўдачу!

Савось зірк падлобна: — Я іншае бачу.

Якое тут шчасце? Абразы і здзекі.

Мы ў госці ішлі, а папалі ў цырк нейкі...

І Феня за Саўкам дадала нясмела:

— Што робіцца сёння тут — незразумела.

Адкуль гэта колкасць, як елак ігліца?

Скажы, растлумач, прасвятлі нас, сястрыца.

Мілену кранула сястра за жывое:

— Вы глянулі сёння ў люстэрка крывое.

Няўжо вы ў люстэрку сябе не пазналі?

З Генадзем мы ваш лексікон паўтаралі.

Абразу вам чуць непрыемна, нязручна,—

Вы нас навучылі — мы здатныя вучні.

Ты, Саўка, сказаў пра абразы і здзекі?

Так, праўда і крытыка — горкія лекі.—

Савось ад Міленіных слоў аж падскочыў:

— Няўжо мы такое выказвалі ў вочы?

Няўжо я і Феня такое казалі?

Ад чутага сёння, ў нас вушы завялі.

Паслухаўшы лаянку з вашага боку,

Убачылі мы бервяно ў сваім воку.—

Слязу ачышчальную выцерла й Феня:

Няўжо так глыбока пусціла карэнне

У нашай душы бездухоўнасці зерне?

Хто ж нас альбо што зноў да людскасці верне?

Не верыцца нават, а ўспомню — і сорам,

Мы, Сава, з табой непрыстойна гаворым,

Буяе бяздумная наша гамонка...—

Савось уздыхнуў: — Распусціліся жонка.

Ён Феню падтузаў: — Давай побач сядзем,

І шчыра папросім Мілену з Генадзем:

— Генадзь, даражэнькі! — Міленачка-краска!

Даруйце, прабачце вы нам, калі ласка!

Мы справім, адновім характар свой свінскі,

Праз месяц-другі, як бамонд будзем Мінскі.

Мы перачытаем Купалу, Шэкспіра,

Да споведзі сходзім, ачысцімся шчыра.

Пачнём мы заводзіць у сэрцы духоўнасць —

І падлай я буду за непаслядоўнасць...

А Феня паспела ажно праслязіцца:

— Я с Саўкам гатовая перарадзіцца!

Люстэрка мы выправім, знікне скрыўленне,

Інакш, ён — не Саўка, а Феня — не Феня!

Пакажа люстэрка адбітак наш годны.—

Мілена з Генадзем усклікнулі:

— Згодны!

2013


2013

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.