epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крыж

Перад намі з народзін —

бязмежнасці свет,

Мы адольваем шлях,

Богам наканаваны,

Мы змагаемся, марым,

імкнемся да мэт,

Гэта — наша жыццё, гэта —

крыж наш, так званы.

 

Шлях адольваем мужна —

цяжэюць гады,

Ўсё бліжэй край жыцця,

зеўрыць нам больш выразна.

Мы нясем гэты крыж

без пытання: — Куды?

Год за годам нясем

безадказна й адказна.

 

Лёсу час не стаіць,

хоць ідзі, хоць ляжы,

Хоць знямогся сустрэчным жыццём,

хоць у сіле.

Мы даносім свой крыж

да апошняй мяжы,

Каб жывыя уздвіглі яго на магіле.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.