epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крыж на грахі

Ў царкве, якую будавалі

Даўно, аж трыста год таму,

Час гонар мой паклаў на шалі,

Напрыканцы жыцця.

Чаму?

 

Неверагодная адказнасць

І вопыт мой — каля нуля,

Саманадзейнасці ашчаднасць,

Дапамагалі спакваля.

 

Дапамагала мне натхненне

І груз задумак на гарбе,

І Філарэта блаславенне,

І вера ў Бога, і ў сябе.

 

Усё ж пісаў я не іконы,

А ўласна створаных святых.

Таму не заўважаў каноны,

Бо і жыццё пражыў без іх.

 

І ўсё ж уклаў душы не мала

У роспіс...

Час здаля цячэ —

І ў гэты Храм Пятра і Паўла,

Прыходзіў я малым яшчэ.

 

Прыходзіў з мамай не маліцца,

Стаяў ад дзіва ледзь жывы,

Выносілі як Плашчаніцу

Й абносілі вакол царквы.

 

Людзей збіралася на святы

З усёй акругі — безліч іх.

І над царквою крыж узняты

Пашанна бласлаўляў усіх.

 

Не думаў я, малое дзіце,

Што праз дзесяткі доўгіх год,

Тут будуць вернікі маліцца

На, мною распісáны свод.

 

Я пастарэў, жыццё мінае,

З грахоў не вылез я сухі

І праца роспісу святая,

Як крыж на ўсе мае грахі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.