epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Курапаты

Вецер гнаў разарваныя хмары,

Ціснуў іх да зямлі. І абшары

Сталі шэрымі, выцвіла глеба —

Дзе зямліцы мяжа, а дзе неба?

Вецер выў, як нячысцік прыблудны,

Пырскаў дождж непрыветлівы, нудны,

Гразь раз’ела, глынула дарогі,

Гразь усюды — не выцягнуць ногі.

Дзе канец гэтай змрочнай пагоды?

Нібы сонца зайшло назаўсёды,

Быццам свет раптам перавярнуўся,

Быццам Бог ад людзей адвярнуўся.

Вецер, холад, хлюпота — без меры,

Нават носа не выткнуць за дзверы,

А надвор’ем такім, ходзяць чуткі,

І сабаку не выцягнуць з будкі.

Але што гэта? Ноччу глыбокай,

Калі цемра — хоць выкалі вока,

Прапаўзлі цяжка, з ровам машыны,

І запоўніла гразь каляіны.

Па-ранейшаму з неба лілося...

А машыны дзе? Мо падалося?

Ды такое магло і прысніцца —

Разгуляліся ноч, навальніца.

А адтуль, дзе машыны расталі,

Гукі дзіўныя ледзь даляталі:

To загады, a то праз імгненні

Стук рыдлёвак аб жвір, аб каменне.

Зноў ні гуку, ні слыху ні духу,

Стогне вецер напружана, глуха,

Плача вецер і вые шалёна.

І раптоўна, з-за цемры-заслоны,

Стрэл пачуўся прыглушаны, жорсткі,

Першы стрэл — чорных спраў адгалоскі.

Першы стрэл — як прадвеснік злачынства,

Слёз, крыві і сіроцтва-дзяцінства.

Гэты стрэл ці пачуў век дваццаты?!

Курапаты... Маўчаць Курапаты...

 

*

— Та-та-та! Ты забіты! Я стрэліў!

— Тах-тах-тах! Ты — раней! Я пацэліў!

— Ай, Талян, так не чэсна! Здавайся!

— Сам, Андрэйка, вылазь, не хавайся!

З палак хлопчыкі так і стралялі,

«У вайну» з захапленнем гулялі,

Пазбягалі геройскі «палону»

Побач з Мінскам, ля мікрараёна.

— А давай мы, Андрэй, возьмем колік,—

Сябруку прапаноўвае Толік,—

І ў пяску ім, заместа лапаты,

Зробім файны акоп, як салдаты.

І ўзяліся сябры за работу,

Нібы тыя краты — у ахвоту.

Паглыбляўся акопчык-равочак,

Быў падатлівым жоўты пясочак.

Каб хутчэй падысці ім да мэты,

Паддавалі задору, імпэту

Толік — палкай, Андрэйка — рукамі,

Ды раптоўна ім трапіўся камень.

Раскапалі яго і дасталі

І з ратамі раскрытымі сталі —

Зубы вышчарыў камень так званы...

— Глянь, Андрэй, хтосьці тут пахаваны!

— Вось яшчэ косці!.. Вунь акуляры!..

Жах зірнуў у хлапечыя твары.

З раскапанай зямлі-таямніцы

Чарапы іх пужалі, вачніцы.

Ад вачніц гэтых, поўных гіпнозу,

Стыла кроў, як вада ад марозу.

Нібы ў сне зачарованым нейкім

Заставаліся Толік з Андрэйкам —

Hі міргнуць, ні крануцца, ні гуку...

Можа, тут сёння собіла ўнуку

З дзедам, некалі зніклым, спаткацца,

«Вочы ў вочы» — і не адарвацца...

Хто ж вы? Хто вы, ахвяр гэтых каты?

Курапаты... Маўчаць Курапаты...

 

*

Разнарадка... Страшэннае слова.

Ад яго абядняецца мова,

Бо душы ў гэтым слове — ніколькі,

Як нябожчык яно — холад толькі.

Слова гэтага мёртвыя гукі

Адлюстроўваюць гора і мукі.

...Чорным ценем фашызм узыходзіў,

Гітлер «новы парадак» наводзіў.

Для будоўлі такога парадку

Ён задумаў сваю разнарадку:

Знішчыць частку народаў, а частку —

У ганебны палон, як у пастку,

Хай у рабстве гарбеюць іх спіны —

Лёс для многіх людзей — лёс скаціны...

Час ляціць, не стаіць нерухома.

Сёння многае стала вядома.

Прыпадняў час завесу былога,

І мінулага бачна дарога...

У ліхім, даваенным тым часе,

Як і сёння, рабілі ў калгасе,

Хто — на фабрыцы, хто — на заводзе.

Але стаў варушыцца ў народзе

Слых пра нейкія там завірухі

І што людзі знікаюць, як мухі.

...І машыны раўлі цёмнай ноччу,

Калі цемра — хоць выкалі вочы,

І пужалі людзей ноччу стрэлы,

І закопвалі мёртвыя целы.

Зноў павесткі праз пошту ляцелі,

А каго — забіралі з пасцелі,

Зноў машыны раўлі, ракаталі,

Зноў стралялі, стралялі, стралялі.

Па-ранейшаму з неба лілося...

He, на жаль, гэта не падалося.

Хто страляў? У каго? Вось загадка!

Кажуць, зверху прыйшла разнарадка —

Пазнішчаць нашых ворагаў кроўных.

І людзей забіралі працоўных.

Забіралі сялян, і студэнтаў,

І ваенных, і інтэлігентаў.

І раўлі з цяжкім грузам машыны,

І зраўноўвала гразь каляіны...

Гора, смерць да людзей едзе ў сваты...

Курапаты... Маўчаць Курапаты...

 

*

За стагоддзем мінае стагоддзе,

Ўсё ўзаемазалежна ў прыродзе.

Чалавечы наш век — век кароткі,

Пакідаюць і сёння нас продкі,

Перадаўшы другім эстафету —

Сэнс жыцця, як галоўную мэту.

Ці ж маглі б мы на свет нарадзіцца,

Каб не тыя, хто сёння ў зямліцы?

Мы — галінкі, мы — парасткі, ўсходы,

І мінулае з намі — заўсёды.

Хай заўжды яно з намі і будзе!

І аднойчы сабраліся людзі,

Каб пранесці жыцця эстафету

(На Дзяды адбывалася гэта),

І паволі пайшлі ў Курапаты,

Бо Дзяды — памінанне, не свята.

І пайшлі да адвечнай крыніцы —

Адышоўшым з жыцця — пакланіцца,

Нашых продкаў успомніць шаноўна...

А дайсці не змаглі, бо раптоўна

Шчыльна стала міліцыя строем.

— Хто дазволіў успомніць былое?!

І закручвалі рукі за спіны,

Як злачынцаў, цягалі ў машыны.

Зноў, як некалі «ворагаў кроўных»,

Мастакоў і паэтаў шаноўных,

Юнакоў, і старых, і дзяўчатак

Зневажалі і гналі, як статак...

А з высокіх трыбунаў — дэбаты...

Курапаты... Маўчаць Курапаты...

1987


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.