epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кветка з мінулага жыцця

— Як ты думаеш, кім ты ў мінулым жыцці была? — нечакана спытаўся ў жонкі дзед.

— Чаму была? — здзівілася баба.— Маё ж жыццё яшчэ не мінула, дзякуй Богу!

Дзед удакладняе:

— Я пра гэта тваё жыццё не пытаюся! Я — пра папярэдняе жыццё, калі ты была ці жабай, ці вужакай, ці варонай. Я пра тое жыццё! Зразумела? Кім ты тады была?

Старая падышла да абразоў на куце і перахрысцілася:

— Божа літасцівы! Святая прачыстая Маці! Памяняйце ў хворай галаве дурноту на розум! Ачысціце нашу хату ад вар’яцтва!

— А-а, ты, пэўна, была ў мінулым жыцці манашкай ці пападдзёй! Вунь як пацеры лістае твой язык!

Старая павярнулася да дзеда:

— Апамятайся! Схадзі да дактароў ці, лепей, у царкву! Што ты адкуль узяў? Нейкую жабу з вужакай, нейкае папярэдняе жыццё... Даведаюцца людзі — хату нашу будуць абмінаць за вярсту, як заразную.

— Эх, баба! Праспіш ты гэтак усё сваё цяперашняе жыццё! — усклікнуў дзед.— Пакуль ты сёння пасля снедання бачыла сны за печчу, я культурна глядзеў тэлевізар! Перадача была: «Мы вернемся травой ці матыльком!» Аказваецца, чалавек не знікае ў прах, а пераўвасабляецца — хто ў што. Адны — аблачынкай лётаюць над зямлёй, другія — рыбінай у вадзе віруюць, лепей бы шчупаком, а не сяляўкай якой, трэція — кузуркай ці сабакам...

— Я й бачу, што па вёсцы не прайсці за сабакамі, лыткі абрываюць на хаду! — куснула баба дзеда.— Ці не тваё гэта мінулае жыццё па сабаках раскідалася?

— Да майго жыцця мы яшчэ вернемся! — адкінуў дзед жончыну кпіну.— Давай спачатку з тваім разбярэмся!

— Разбірайся! — махнула баба рукой.— Я ж табе рот не зашыю!

— А што, калі я,— ускочыў дзед,— п’ю малако не ад нашай каровы, а тваё малако?! А што, калі твая душа з мінулага жыцця заскочыла ў нашу Рагулю?

— Цьфу табе ў вочы! — абурылася баба.— Ты менш вер чутаму! Тэлевізар набрэша табе поўныя вушы альбы-чаго, а ты перамельваеш языком пустое!

Баба падышла, але цяпер не да абразоў, а да люстэрка, паправіла хустку:

— Ці ж я падобная на жабу альбо вужаку? Дзе ты ў маім абліччы варону ўбачыў? Чаму не кветка? Чаму ж не той матылёк, пра якога ў тэлевізары чуў?

Дзед ажно кіснуў ад смеху:

— Дзе ты ў люстэрку бачыш кветку з матыльком?

Раптам адчыніліся дзверы і ў хату не ўвайшла, а ўляцела паштарка:

— Віншую! Ой, добры дзень спачатку!

— Што, пенсію прынесла? — пытаецца дзед.

— Якую пенсію! І пенсію таксама! — ззяла ад захаплення маладая жанчына.— Вось! — І яна дастала з сумкі часопіс «Работніца і сялянка».— Вось, на першай вокладцы партрэт вашай жонкі!

Дзед узяў часопіс. Сапраўды, на вокладцы красаваўся каляровы партрэт яго старой, пад ім было напісана: «Чалавек ніколі не знікае — ён вечны сваімі справамі!»

— А там, усярэдзіне,— больш запальваецца паштарка,— напісана і пра вашу маладосць, калі вы былі як кветка, і пра вашу працу, калі вы былі даяркай, і пра вашу годную старасць!

— А пра жабу ці варону там нічога няма? — усміхнулася старая і зірнула на дзеда.

— Не,— разгубілася паштарка,— пра жабу там нічога не напісана...

— Якую жабу, мая ты прыгажуня! — абняў дзед бабу.— Ты ж чуеш, там напісана толькі пра кветку і матылька!

— І пра матылька тут нічога быццам няма,— ціха сказала паштарка, але зноў загарэлася: — Карацей, віншую вас! Пабягу далей, панясу ў кожную хату гэты часопіс!

Калі старыя засталіся адны, дзед урачыста заключыў:

— Тэлевізара болей не гляджу! Буду чытаць толькі часопісы!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.