epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ля Паперні прысады

Ля Паперні прысады

Белацелых бяроз.

Сустракацца быў рады

З гэтым цудам мой лёс.

 

Вашых кронаў прычоскі

Нас хавалі ў цяні,

Калі ехалі з вёскі

Аж у Мінск на кані.

 

Так было у юнацтве

І у сталасці так.

Вы дарылі нам шчасце,

Не чакалі падзяк.

 

Шчасце сэрцу і воку,

Як святое «Амінь!»

Нас вітала здалёку

Веліч вашых вяршынь.

 

Гарадскі ці вясковы

Ехаў хтось —

З двух бакоў,

Каравул ганаровы —

Прывітанне вякоў.

 

*

 

На машыне качу я,

Чаджу ім — чых ды пых.

А бяскрыўднае чую

Прывітанне ад іх.

 

Колькі чаду глынулі

Ў час сучасных падзей,

А усё-ткі хінулі

Водар свой да людзей.

 

Сэрца шчырасцю поўніць

Дух, часоў сівізны.

І бацькоў маіх помняць

Маладзенькіх яны...

 

Сто ці дзвесце год — мала.

Час — цана яму грош,

Бо прысадаў не стала,

Іх пусцілі «пад нож».

 

І пад корань бярозы —

Што ж не бачыў ты, Бог?

Словы шчымяць, як слёзы —

Я пішу некралог.

 

Еду — цуда не бачу,

Ненавіджу шашу.

І у сэрцы ім дзячу,

Й прабачэння прашу.

25.VI. 2017.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.