epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ля роднага парога

Гады жыцця

знікаюць за плячыма,

Падзей мінулых —

Не пералічу.

І дзе б ні быў я,

да Малой Радзімы

На крылах

светлай памяці лячу.

 

Тут усе мае вёсны

Залатога юнацтва,

Тут мінулыя лёсы

Маіх продкаў усіх.

Тут мой боль невыносны,

З ім душы не расстацца,

Тут світанак узнёслы

Светлых мараў маіх.

 

Пад родным небам

сэрца спадзяецца,

Што і ў жыцці сучасным

казка ёсць.

А раптам мне

маленства адгукнецца,

А раптам тут

сустрэну маладосць.

 

Ах, як балюча

ўспамінаць былое,

Ах, як прыемна

з ім сустрэцца тут.

Ў абдымках быць

з Радзімаю Малою

І зноў убачыць

сэрцам родны кут.

 

Я з-за мяжы

не прагну анічога,

За ўсё удзячны

Бацькаўшчыне я.

Стаю, як сын,

ля роднага парога

Перад табой

Лагойшчына мая.

 

Тут усе мае вёсны

Залатога юнацтва,

Тут мінулыя лёсы

Маіх продкаў усіх.

Тут мой боль невыносны,

З ім душы не расстацца,

Тут світанак узнёслы

Светлых мараў маіх.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.