epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лясная калыханка

Іду між задуменных дрэў,

Кранаю ветлівае голле.

Я непрыкметна састарэў —

А родны лес? А наваколле?

 

Я сэрцам успрымаю вас

З пяшчотай і замілаваннем,

Нібыта бачу першы раз,

Хоць нашых не злічыць спатканняў.

 

Вось дзіва з дзіваў — лес заўжды

Зачараваць, здзівіць гатовы.

Вось і цяпер ён, праз гады,

Ўсё той, а мне здаецца — новы.

 

Душу і сёння лес хіне

І наталяе, як крыніца.

Ці ні таму з маленства мне

Лясная калыханка сніцца?


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.