epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лясун

У Мацея, які вучыўся ўжо ў трэцім класе, быў малодшы брат Янка. Маці вучыла Янку, але так, каб чуў і Мацейка:

— Ты, Яначка, адзін у лес не хадзі, там жыве страшны лясун, які ловіць маленькіх дзяцей і трымае іх у сваіх чашчобах ды гушчарах...

Маці страшыла дзяцей нездарма: бегалі вясковыя блазнюкі ў лес збіраць грыбы ды ягады і нярэдка губляліся, блудзілі цэлы дзень, а, бывала, і вымушаны былі начаваць у лесе. Дзіця адно ў лесе — гэта небяспека. Маці непакоілася за пяцігадовага Яначку, бо Мацейка добра вывучыў навакольныя лясы і не адзін раз самастойна бегаў па баравікі.

Аднаго разу, вяртаючыся з грыбамі ў кошыку дамоў, Мацей нечакана, нос у нос сутыкнуўся з незнаёмцам. У Мацея пахаладзела спіна, бо незнаёмец меў сівыя вусы і гэткую ж сівую бараду. Каб на дварэ была зіма, Мацейка падумаў, што сустрэў Дзеда Мароза. У незнаёмца была за спіной стрэльба, а вопратка стракаціла зялёнымі ды рудымі плямамі.

— Ты чаму так далёка ад вёсак і адзін у лесе? — спытаўся незнаёмец.— Хіба ты не баішся?

Голас незнаёмца падаўся Мацейку сіплым і таямнічым. Хлопчык памкнуўся ўцякаць, але ногі не паслухаліся.

Замест адказу незнаёмцу, Мацейка сам дрыготкім голасам спытаўся:

— В-вы лесавік?.. Прабачце, лясун?..

— Так, я — ляснік!

Для Мацейкі словы «ляснік» і «лясун» ад страху гучалі аднолькава.

— А шт-т-о вы са мной зроб-б-іце? — сцішана спытаўся хлопчык.— Зацягаеце ў чашчобу?

Ляснік здагадаўся, што хлопчык знаходзіцца ў палоне страху, таму ветліва ўсміхнуўся:

— Не хвалюйся, сёння я цябе адпускаю, але перадай мальцам у вашай вёсцы і ў тваёй школе, што дзецям, нават такім «дарослым» як ты, хадзіць у лес без сапраўдных дарослых, вельмі небяспечна. У лесе жывуць і карэнныя «лесуны», сустракацца з якімі не пажадана. Гэта — і ваўкі, і дзікі, асабліва вяпрукі, і нават тыя ж ласі, падчас іх вясельных гуляў. Сустрэнеш іх — хуценька лезь на дрэва і перачакай, пакуль яны не пойдуць сваёй дарогай. Зразумеў?

— Ага!..— толькі і выціснуў Мацейка.

— А цяпер, калі ведаеш дарогу, шыбуй дамоў, і памятай, што лес — гэта не жарты.

Мацейка крутнуўся і, як кажуць, без памяці плетануў дамоў. Але ж нездарма кажуць, што ў страха непрадказальны характар, таму, напалоханы хлопчык кінуўся ад «лесуна» крыху ўбок ад вёскі і вымушаны быў папятляць па лесе, пакуль дапяў дамоў.

Пераступіўшы парог, Мацейка крыкнуў:

— Мама! Я сустрэў у лесе сапраўднага лесу...

Тут хлопчык абсекся і змоўк. За сталом, побач з татам сядзеў той «сапраўдны лясун» з сівой барадой і сілкаваўся гарачай бульбай са смажаным салам.

— Ну, што ты спыніўся? — здзівілася маці,— не палохайся, сынок, гэта вось ляснік завітаў да нас, каб паведаміць, што лес, які мы выпісвалі ў лясніцтве на трысцень да хаты, можна з дзялянкі забіраць.

— А мы з ім знаёмыя! — зноў ветліва ўсміхнуўся ляснік.— Вось толькі не ведаю, як зваць майго новага знаёмага.

Хлопчык апусціў галаву і пачырванеў:

— Мацейка я...

— О, дык мы з табой цёзкі! Ну як, Мацейка, карысная была наша сустрэча ў лесе? Ці мо страшная?

— Карысная! — усміхнуўся хлопчык.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.