epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Латэрэя

Ў адным пад’ездзе — вяселля зыкі,

Тут сустракаюць жыцця вясну.

А побач слёзы і боль вялікі —

Пад медзь аркестра нясуць труну.

 

Эх вы, кантрасты

жыцця-раздрыгі —

Хоць скач, хоць плач,

хоць круць, хоць верць —

Вяселлі, святы,

няўдач інтрыгі,

А тут вось побач —

каханне й смерць.

 

Без ліку лёсаў,

хоць свет адзіны,

Хтось свет пакінуў,

хтось доўжыць род.

Ў суседнем доме

ў кагось радзіны,

Ніжэй паверхам —

сям’і развод.

 

Жыццё нас часам халодзіць, грэе,

Няўмольна розніць ад году год.

Жыццё капрызіць, як латэрэя,

Камусьці выйграш, другім — пралёт.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.