epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лявон і мабільны тэлефон

Дзед Лявон ішоў па маляўнічай дарозе і замілоўваў вочы навакольнай прыгажосцю, а душу ўспамінамі. Яго ветліва віталі бярозавыя гаі і квяцістыя лугі, празрыстыя далягляды і жытнёвыя палі.

— Вось па гэтай дарозе,— уздыхнуў дзед,— я бегаў басанож маленькім хлапчуком, па ёй жа юнаком спяшаўся на сустрэчу з чароўнай дзяўчынай, якая потым стала маёю жонкаю, а цяпер згарбела і згубіла ўсе зубы... О, гэта «цяпер»! — уголас заключыў Лявонцій.— Цяпер па гэтай векапомнай дарозе іздзе згорблены стары чалавек... — і замілаванне ўспамінамі саступіла месца нахлынуўшаму суму.

Раптам дзед войкнуў і нават прысеў ад нечаканасці. На дарозе ляжала штосьці незвычайнае, ніколі ім нябачнае. Стары падняў гэта штосьці і, цяпер ужо замілоўваўся рознакаляровым дзівосам — маленькай скрыначкай з акенцам і рознымі кнопачкамі, якія весела зіхацелі на сонцы.

Дзед Лявонцій нават і падумаць не мог, што яму казачна пашанцавала, бо знайшоў ён мабільны тэлефон — і тэлефон не звычайны, а самага галоўнага чараўніка на свеце, якога ўсе дзеці ведаюць як Вялікадзівоса. Вось гэты Вялікадзівос, відаць, гэтаксама, як і дзед Лявонцій, замілоўваўся навакольнай прыгажосцю зямлі беларускай, разявіў рот і згубіў свой чароўны вялікадзівосны тэлефон.

Хутчэй за ўсё, ён сваю згубу і не заўважыў, бо ў чараўнікоў, тым больш у галоўнага, мабільны тэлефон не адзін.

Не дзіва, што стары не мог адарваць сваіх падслепаватых вачэй ад незвычайнай знаходкі, бо і звычайнага мабільнага тэлефона ён ніколі не бачыў.

Круціў дзед у руках гэты тэлефон і так, і гэтак, а што з ім рабіць, як ім карыстацца, не ведаў. Дай, думае, ціскану на якую-небудзь кнопачку-пупырачку — і ціскануў. Ціскануў і ледзь не выпусціў з рук таямнічую знаходку, бо скрыначка загаварыла прыемным жаночым голасам:

— Вы патэлефанавалі ва ўпраўленне казак. Вас слухае бюро тэрміновых паслуг. Што б вы хацелі? У якую казку вас перанесці? Выказвайце ўсе свае пажаданні!

Дзед Лявонцій стаяў з раскрытым ротам і вольнай рукой трымаўся за сэрца, якое ад хвалявання збіралася выскачыць з грудзей.

— Ало! Што вы маўчыце? — пачулася з тэлефона.— Якія ў вас жаданні? Што вы хочаце?

Дзед, як ні сваім голасам прамармытаў:

— Дзякуй, шаноўная паненка... Што я хачу? Ды я і сам не ведаю, чаго я ўжо хачу. Жыццё праляцела неўпрыкмет... Здаецца, пачаць бы ўсё нанова, як кажуць, з чыстага ліста... але...

Дзед, магчыма. Працягваў бы разважаць, нічога пакуль не просячы, але тэлефон перарваў яго развагу і бадзёра адказаў:

— Заяўка прынята! Выконваем! Захочаце вярнуцца ў дазаявачнае становішча, націсніце на кнопку «адбой».

І дзед Лявонцій імгненна апынуўся ў першым класе за партай. Перад ім ляжаў чысты ліст паперы. Стары... цяпер ужо не стары, а маленькі хлопчык, азірнуўся і нічога не зразумеў — вакол яго сядзелі гэткія ж, як і ён мальцы і дзяўчынкі, а ля дошкі стаяў строгі настаўнік.

— Лявон, не круціся, слухай уважліва, бо папрашу з класа! — папярэдзіў ён нядаўняга дзеда.

— Ды ты мне ў сыны варты! — не стрымаўся дзед-малец.— Гэта я магу цябе за вушы выцягнуць з класа!.

Настаўнік з жахлівым здзіўленнем зірнуў на дзёрзкага вучня, а ўсе дзеці пырснулі ад смеху.

Чым бы ўсё гэта закончылася, невядома, але празваніў званок і ўсе шумна пабеглі на перапынак. Лявон з радасцю адчуў, што ногі яго пругкія, цела лёгкае. Галава не ацяжарана жыццёвымі клопатамі. Ён, як і ўсе дзеці, безупынку гуляў у даганялкі, штосьці крычаў і штурхаўся.

Нехта з хлопчыкаў кухтальнуў яго ў спіну і падражніў:

— Лявон — кішкі вон, трыбухі на тэлефон!

— Ах ты, смаркач! Старых людзей дражніш! — пабег Лявон за крыўдзіцелем.— Вось я табе!

Але тут зноў зазваніў званок, цяпер ужо заклікаючы ўсіх на заняткі. Лявон сеў за парту і задумаўся: «Што я тут забыўся ў гэтай школе? Дома ж старая чакае, спраў назбіралася багата... Але дзе ж тая кнопачка «адбой»?»

Як ні шукаў яе Лявонцій, адшукаць не змог.

На наступным перапынку ён баязліва падыйшоў да настаўніка і запытаўся:

— Скажыце, калі ласка, а дзе ў гэтай штуковіне кнопачка «адбой»?

Настаўнік пакруціў у руках тэлефон:

— Ого, якая круцізна! Дзе гэта, Лявон, твае бацькі такі тэлефон купілі? Я падобнай мадыфікацыі пакуль не бачыў.

— Дык дзе, скажыце, калі ласка, кнопачка «адбой»? — перапытаў Лявон.

У голасе настаўніка пачулася іронія:

— Гляньце на яго, які ён ветлівы! «Калі ласка», «скажыце», «пакажыце»... А гадзіну таму збіраўся за вушы мяне выцягнуць з класа. Распусціўся ты, Лявон, разбасячыўся... А кнопачка, вось яна, справа. Толькі тут не «адбой» напісана, а стаіць умоўцы знак, крыжык, і кнопачка мае чырвоны колер.

— Дзякуй! — схапіў хлопчык тэлефон і куляй выскачыў з класа.— Не хачу я вашых «двоек» і «пяцёрак», не трэба мне вашы кпіны і штурханіны! — і дзед... не, пакуль яшчэ хлопчык, рашуча націснуў на чырвоную кнопачку.

Зноў у імгненне, ён апынуўся на той жа маляўнічай дарозе. Зноў згорбілася спіна і адчуўся ва ўсім целе цяжар пражытых гадоў.

— Хух! Дзякуй Богу, зноў я — гэта я! Выкіну я вон гэтую непатрэбшчыну! — і дзед памкнуўся зашпурнуць тэлефон у кусты, ды завагаўся:

— Але ж ёсць і іншыя кнопачкі! Што ўтойваюць яны? Трэба праверыць!

І Лявонцій націснуў на першую, якая патрапіла пад палец.

— Ало! Прыёмная Кашчэя Бессмяротнага слухае! Яго Бессмяротнасці пакуль няма, ён б’ецца зараз з Русланам — хутка будзе. Ператэлефануйце праз паўгадзіны!

— Доўга ты будзеш чакаць свайго нячысціка. Казкі трэба чытаць, пачвара! — дзед плюнуў і націснуў на чырвоную кнопачку — даў адбой.

Націснуўшы на чарговую кнопачку, стары пачуў:

— Я — Васіліса Прыгожая! Чакаю цябе, сокал ясны, на гарачым кані! Даскачаш да вежы, дзе я буду сядзець ля акенца, пацалуеш мяне — стану тваёй! Пакінь даведку пра сябе і камп’ютар усё зафіксуе. Твая чарга восемдзясят сёмая.

— Ого-го! — усклікнуў дзед.— Мне 87 гадоў, ды яшчэ чарга мая восемдзясят сёмая... Доўга ж табе чакаць давядзецца мяне, прыгажуня! Не, я лепш да бабы вярнуся — і скакаць перад ёй не трэба, і без пацалунку яна мяне прыме. Бывай!

Ціскануўшы на «адбой», дзед Лявонцій задумаўся: «Відаць, перастарэў я для гэтых усіх казак... Усё добра ў сваю пару...»

— Эх,— схамянуўся дзед.— Ціскану я яшчэ раз на тую самую, першую кнопачку! Там усё неяк па-людску!

— Упраўленне казак слухае! — адказаў той жа бадзёры жаночы голас.— Бюро тэрміновых паслуг выканае любое ваша жаданне. Жадайце!

Стары, цяпер ужо без ваганняў, папрасіў:

— Вярніце маёй Стэфаніі зубы, бо яна ўвесь час шамкае і нават кашу разжаваць не можа. Памаладзіце яе гэткім чынам...

— Заяўка прынята! Выконваем!.. Усё ці яшчэ што?

— Усё! Хіба ж гэтага мала? — і дзед Лявонцій з палёгкай паклыпаў дамоў на сустрэчу, як ён лічыў, са сваёй «зубастай» жонкай. Адчыніў дзверы ў хату і здзіўлена спыніўся на парозе. За сталом сядзела маленькая дзяўчынка над нейкімі паперамі.

— Колькі будзе два памножыць на два, дзядуля? — спыталася дзяўчо.

— А ты хто, маляўка, будзеш?

Дзяўчынка засмяялася на ўвесь свой бяззубы рот:

— Я — Стэфачка!

— Якая яшчэ Стэфачка?! А дзе мая Стэфанія? — спрытна падскочыў да стала дзед.

— Падрасту, буду Стэфаніяй! — весела адказала дзяўчынка. Дык колькі будзе два памножыць на два?

Дзед задумліва прамармытаў:

— Зноў з чыстага ліста... пераблыталі ўсё, перастараліся казачнікі...

Потым спахапіўся:

— А чаму ў цябе няма зубоў?

Дзяўчынка па-дзіцячы шчыра, адказала:

— А яны ў мяне мяняюцца... Хутка вырастуць новыя.

— Вось што, Стэфачка, націсні ты на гэту чырвоную кнопачку,— папрасіў дзед Лявонцій.

— А навошта? — здзівілася Стэфачка.

— Націснеш — даведаешся...

Дзяўчынка асцярожна націснула пальчыкам на чырвоную кнопачку і адразу ператварылася ў старую бабу — дзедаву Стэфанію. Баба сядзела, падпершы рукой галаву ля разбітага карыта і на чым свет дакарала дзеда Лявонція:

— Дурачына ты ў мяне, прастафіля! І без зубоў я свой век дажыла б,— папрасіў бы лепш новае карыта!..

— Ну вось, пачынаецца,— абурана прамармытаў дзед.

Стары адчыніў акно і са злосцю шпурнуў у крапіву сваю чароўную знаходку:

— Без цябе спакайней будзе!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.