epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лес гасцінны

Мяне на досвітку вітае

Лес гасцінны.

Птушыны спеў, зямля святая,

Мае мясціны.

 

Я рады пахам, успамінам,

Гарэзе-промню.

Я казкі гэтых гушчарынаў

З маленства помню.

 

Я бег малым у пушчы-далі

Аж да Псігуркі

Баравічкі тады гулялі

Са мной у жмуркі.

 

О гэты цуд рудагаловы

Напатканы!

Прад імі біць паклон гатовы

Не без пашаны.

 

Прад кожным я спіну згінаю,

Бяру без спешкі.

Але й лісічкі не мінаю

І сыраежкі.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.