epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Летам — сані

Я прачнуўся й схамянуўся,

Рот раскрыў — нямы.

Я ў палоне апынуўся

Матухны-зімы.

 

Звечара зямля — вуголле,

Далеч — чарната.

А за ноч прыгнула голле

Белая слата.

 

Пазайздросціць прыгажосці

Майстра палатно.

Дзве сінічкі, мае госці,

Селі на акно.

 

Паўімгнення — і няма іх,

Толькі «пі» чуваць.

Спрытнасць ім дапамагае

Зімку зімаваць.

 

Я адкінуў хваляванні,

Дровы ў печ нясу —

Летам рыхтаваў я сані.

Час кляпаць касу.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.