epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Летуценне-казка

З летуценнай казкай

Час юнацкi ладзiў...

Як дзяўчыну-краску,

Я бярозку гладзiў.

 

На Вялiкiм Полi

Ціха падрастала.

Я яе нiколi

Не мiнаў, бывала.

 

Дрэўца прыгажосцю

Лашчыла мне вока

I чакала штосьцi

Сумна, адзiнока.

 

Абдымаў я белы

Ствол, нiбыта цела,

А яна нясмела

Лiсцем шапацела.

 

Аб’ядналi лёс мы,

Нiбы сэрца з мэтай.

Сустракалi вёсны

Мы з бярозкай гэтай.

 

Раптам памiж намi

Пралягла нядоля —

Роўнымi шнурамi

Узаралi поле.

 

А яе — з карэннем...

I — упала цяжка.

Вось i летуценне,

Вось i знiкла казка...

 

I не дапаможа

Ёй нiхто падняцца.

А было ёй, можа,

Як i мне — шаснаццаць...


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.