epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Літаргічна-камічны сон

Вечарэла. Баба рупілася ля стала, замешвала цеста. Ля бабуліных ног завіхаўся Каток, а пад рукамі, не адставала ад Катка, падкручвалася ды торкала пальчыкам у цеста, унуча Ганначка, якую бацькі прывезлі да бабулі з горада на лета. Ганначку перапаўняла цікавасць, а язык ажно свярбеў ад пытанняў:

— А калі, бабулечка, будзе пірог? А з чым ён будзе? А ці не мала яечак ты ўбіла ў цеста? А чаму так мала цеста ты паклала ў дзежачку?

Баба ледзь паспявала адказваць на адно пытанне, як з дзяўчынкавага языка ляцела да бабіных вушэй новае.

— А цеста я паклала ў дзежачку самы раз,— тлумачыла ўнучцы баба.— За ноч яно падрасце і яму нават цесна зробіцца. Вось ранічкай, унучачка, пабачыш — яно і збегчы будзе гатова.

— А я яго даганю! Ад мяне не ўцячэ, я хутка бегаю! — супакойвала бабу ўнучка.

— Ну, то добра! — усміхалася старая, накрываючы чыстым ручніком дзежачку.— Будзем спаць, Ганначка.

Раніцай усе прачнуліся: і дзед, і ўнучка, і Каток, і Цява, і Пеўнік. Не прачыналася толькі старая, якая звычайна ўставала раней за ўсіх. Яна ляжала роўненька на спіне і, здавалася, не дыхала.

Дзед напалохаўся. Ён пачаў штурхаць бабу, але яна ляжала, як не жывая. Стары памацаў яе рукі, лоб і з палёгкай выдыхнуў:

— Цёплая, дзякуй Богу! Здаецца, жывая...

Бабу будзіла скрозь слёзы і Ганначка:

— Бабулечка, прачынайся, не памірай! Я цябе вельмі люблю!

Але старая працягвала нерухома ляжаць.

Бабу будзіў і Каток. Ён скокнуў ёй на грудзі і ласкава замурлыкаў:

— Мур-р, мур-р. Мяў-мяў. Я даўно не сплю і ты ўставай.

Але старая нават не варухнулася.

У хату заскочыў Цява, стаў перад гаспадыняй на заднія лапы і жаласліва заскуголіў:

— Ця-яў, ця-яў, я таксама даўно ўстаў. Прачынайся і ты, гаспадыня.

Але старая і вухам не павяла.

На адчыненае акно ўскочыў Пеўнік і закукарэкаў:

— Ку-ка-рэ-ку! Я і Сонейка разбудзіў, я і ранічку прыгукаў, я і курак расштурхаў, і твой сон, гаспадыня, праганю! Ку-ка-рэ-ку!

Баба зноў не кранулася.

Выклікалі доктара. Той уважліва агледзеў, абслухаў, абмацаў старую і заключыў:

— У вашай бабы сон, але не вечны — трагічны, а часовы — літаргічны.

— І колькі ж яна будзе спаць? — насцярожыўся дзед.

— А спаць яна можа і месяц, і год, і два...

Стары з жахам схапіўся за галаву:

— А што ж рабіць, доктар?

Доктар развёў рукамі:

— А тут нічога не папішаш. Відаць, шмат яна недаспала за жыццё, вось цяпер і кампенсуе свой недасып.

Дзед з надзеяй зазірнуў доктару ў вочы:

— А, можа, ёсць які сродак у медыцыне?..

Доктар пачухаў патыліцу.

— У медыцыне нічога такога няма. А вось я чытаў некалі казку, у якой прынц ці царэвіч пацалункам расчараваў сваю каханую ад вечнага літаргічнага сну. А што, калі б вам паспрабаваць пацалаваць у вусны сваю жонку?

Дзед ажно адскочыў ад старой, як ад агню:

— Ні за што! Яна мяне ўчора абазвала недарэкам, а я яе сёння цалаваць павінен! Не, не і не!

Да дзеда падыйшла ўнучка Ганначка.

— Дзядулечка! Пацалуй бабулю, расчаруй яе.

Да дзедавых ног пачаў лашчыцца Каток. Дзеду на грудзі паклаў пярэднія лапы Цява і закалаўроціў хвастом. Пеўнік на акне затрос сваім залатым грэбнем: «Ко-ко-ко! Рас-ча-ру-уй!»

Дзед расчуліўся, выцер далоней вусны і пацалаваў старую жонку, як той прынц ці царэвіч. Зной выцер вусны і прыцмокнуў:

— Дык даволі салодка атрымалася!

Але і гэта не дапамагло. Старая не расплюшчыла вочы і не варухнулася.

Усіх агарнула тужлівая безвыходнасць. Што ж рабіць? Няўжо чакаць месяц ці год, ці два?

Тут Ганначка выпадкова зірнула на дзежачку, з якой выпірала цеста, рыхтуючыся збегчы.

— Цеста ўцякае! — крыкнула яна.— Трымайце бабуліна цеста!

Баба як падскочыла, як кінулася да дзежачкі.

— Вой, як добра падышло маё цеста! Дзед, хутчэй распальвай печ, самая пара пірог пячы!

Усе ўзрадаваліся, узрушыліся, замітусіліся: і Ганначка, і Каток,і Цява, і Пеўнік, і доктар.

Адзін толькі дзед абураўся:

— Твой літаргічна-камічны сон усіх нас напалохаў...

А баба даставала з ражачкі на пасыпаны мукой стол цеста, і ажно свяцілася:

— Затое мне прыснілася, што мяне пацалаваў у вусны сам царэвіч!

Тут ужо і дзед не стрымаўся і разам з усімі ад душы рассмяяўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.