epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лёгка... Цяжка...

Прыемна —

Па жыцці самааддана,

Калі ёсць мэта,

да яе ісці.

Том дапісаць

не так ужо й складана,

Цяжэй —

Апошнюю старонку у жыцці.

 

Прыемна сябраваць

надзейна, важка,

Калі у душах —

шчырасці праз край.

Развітвацца

Пасля сустрэчы цяжка,

Цяжэй сказаць

апошняе «Бывай!»

 

Як цяжка першы раз

сказаць: «Кахаю!»,

Але, бывае,

Пачуццё міне.

Тады каханне

сумна дагарае

У больш цяжкі́м,

кароткім слове «Не...»

 

Лягчэй... Цяжэй...

Няпростыя лічылкі —

І хто з іх

больш балюча б’е пад дых?

Мы ўблытваемся

з лёгкасцю ў памылкі,

І з цяжкасцю

Выблытваемся з іх.

 

Жыццё, яно —

матэрыя жывая,

То прыцемак,

То золкасць,

То святло...

Калі ў жыцці

ўсё лёгка не бывае,

Дык не дай Бог,

каб цяжка ўсё было.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.