epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лёгкіх не бывае

Лёс ты мой, складаны лёс

(Лёгкіх не бывае),

Не гармонія — хаос,

Плынь жыцця крывая.

 

То ў душы праблем прыліў,

То на сэрцы хмурна.

Ўсё-ткі добра, што ты быў

Захапляльна-бурным.

 

Дні, хоць рэдка, ўсё ж былі

Поўныя зацішша,

Нібы на усёй зямлі

Нежывая ніша.

 

І губляліся тады

Ўсе арыенціры.

Прэч вас, дні цішэй вады!

Лепей дні-задзіры.

 

Лепей з лёту, на хаду,

Біцца ў перашкоды.

Лепш я лёсу не знайду,

Чым быў мой заўсёды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.