epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лёс-гарбень

Пішу пра тое, што мне «баліць».

І адчуваю да сёння я,

Што прагу ведаў не наталіць,

Як нашу прагнасць да жыцця.

 

Кратом не лез я у нару

Пад сонцам лёсу, адкрыццяў, мар.

Вучу я й сёння, я зубру,

Як першакласнік, жыцця буквар.

 

О, шчыравала душа мая

Сярод праблем, разумных кніг.

Жыццё канчаецца, а я

Так шмат не зведаў, не спасціг.

 

Цаніў, калі быў малады,

Адукаванасць — і цаню.

Як я зайздросціў заўсёды тым,

Спасціг хто ведаў глыбіню.

 

Хоць састарэў мой лёс-гарбень,

Усё ж да ведаў не стыне кроў.

Навуку грыз бы я ноч і дзень,

Ды не стае ўжо гадоў-зубоў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.