epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лёс лесу

Лес быў колісь — мора гушчароў,

Шмат ён рэчак прытуліў, рачулак,

Многа розных прытуліў звяроў,

Безліч птушак тут знайшло прытулак.

 

Дрэвы ў сіле, нават маладняк,

Падпіралі неба, як званіца.

І мацнелі, і раслі «у смак»,

А пад імі — ягаднік, грыбніца.

 

Там, дзе ёсць грыбніца — ёсць грыбы,

Ягаднікі ёсць — і ягад мора.

Гэта ўсё расце і без сяўбы,

Тут шчыруюць фаўна і флора.

 

Ёсць і тут падставы «для грызні» —

Каб не быць апошнім зачухонцам,

Не гібець зародкам у цяні,

Трэба замацоўвацца пад сонцам.

 

Ну, вядома — у дубоў няма

У святле і сонцы недахопу.

Дуб магутны самы нездарма,

Ён заўжды праб’е «акно ў Еўропу».

 

Бор сасновы — на манер травы,

Нібы ён расчэсаны з пяшчотай.

Шчыльна — галава да галавы

Ён расце і ззяе пазалотай.

 

Лёгка бор хваліць на ўсе лады,

Бо не тоіць ён другім пагрозы.

Можа й елка завітаць сюды,

Часта карагодзяць тут бярозы.

 

Іншае зусім — яловы лес,

Ля яго карэнняў — ноч, здаецца.

Калі хтосьці з дрэў пад елкі ўлез,

Той ужо да сонца не праб’ецца...

 

Так ці сяк, а дрэвы ўсё ж раслі,

Тут усё жыло, што жыць хацела.

Ды вятры знянацку загулі,

А за імі й бура наляцела.

 

Хто — ламаўся ўшчэнт без барацьбы,

Хто — чапляўся за зямлю адчайна.

Гінулі і многія дубы,

Што паўкараняліся нядбайна.

 

І зрадзелі, паляглі лясы,

І зямлю пабілі плехі-плямы,

І не бачна ўжо былой красы

Пасля гэтай буры, смуты-драмы.

 

Карані вакол ды кучы дроў —

Ім не адрадзіцца, не падняцца...

І на месцы тых гаёў, бароў

Зараснік пачаў укараняцца.

 

Беспародных парасткаў — сцяна

Ды быльнёг, аж блытаюцца ногі —

Усё тое, грош чаму цана,

Адным словам, краявід убогі.

 

*

Што ж — нашкодзіў вецер-ліхадзей,

Знішчыў лепшы — горшы лес пакінуў...

Варта ўжо сказаць пра тых людзей,

Хто ў «агонь няшчасця» дроў падкінуў.

 

Ім бы песціць лес з усіх бакоў

Круглы год — ці маразы, ці спёка.

Так, размова тут пра леснікоў,

Іх дэвіз: — «За кожным дрэвам — вока!»

 

... Леснікі. Ці ж выйсце — леснікі?

Лес да дырэктываў неўспрымальны.

Той жа лес, пасаджаны ў радкі,

Штучны нейкі і ненатуральны.

 

Але што спрачацца? Ёсць загад!

(Быў бы куст — а знойдзецца варона).

Загадалі: — Лес — гэта не сад,

Што з ім абыходзіцца ўлюбёна?!

 

Вымахае й так, што не прайсці,

Прыжывецца й на каменнях! — кажуць.—

Ды не там павінен ён расці,

Дзе захоча, а куды пакажуць!..

 

І садзілі дрэвы пад шнурок,

І ламалі дрэвы — іх жа многа,

І ссякалі дрэвы — ўсім урок,

І сачылі за парадкам строга.

 

Часта, леснікам наперакор,

Дуб ці ясень, без высокай згоды,

Там раслі, дзе сонца і прастор,

Але ўсе траплялі пад тапор,

Хоць былі каштоўнае пароды.

 

...Леснікі. Ці ж выйсце — леснікі?

Хто іх спыніць? Дзе на іх управа?

Хутка з іх нячыстае рукі

Лес пайшоў налева і направа.

 

І такі набрала гэта ход,

Што ляцелі трэскі і ашмёткі.

Дрэвы, дрэвы, дрэвы йшлі ў расход:

— Пад пілу! Пад корань! — сказ кароткі.

 

Лесніку — хоць не расці трава,

«Вырасталі» пні хутчэй маланкі —

Прадаваў за пляшку дрэва-два,

А бывала — й цэлыя дзялянкі.

 

Заняпала ў тых лясах жыццё,

Прытаіўся краявід зялёны.

І ляцелі трэскі, ашмаццё,

І знікалі з лесам эшалоны.

 

Некалі шумлівы, гаваркі,

Лес зрабілі ворагам — губілі...

Дык якое ж выйсце леснікі,

Калі так яны лясы «любілі»?

 

І пладзілі пусткі леснікі,

Хоць на словах іх душа балела.

Багацелі й розныя дзялкі,

А зямліца на лясы бяднела.

 

Ліха забяры іх, леснікоў!

Прыадчынім покрыў таямнічы.

Бачыце? Натхняў вартаўнікоў,

Правіў вакханаліяй — ляснічы.

 

*

Тое ўсё даўным-даўно было...

Кажуць, глянь назад — паразумнееш,

Там убачыш і добра, і зло.

Можа, болей сам дабра пасееш.

 

Мудрасць гэта шмат гадоў жыве

І стагоддзі будзе жыць, здаецца.

Ды яна не кожнай галаве,

Як падзеі сведчаць, паддаецца.

 

Не, я думку-рану не салю,

Кожны мае погляд свой уласны...

Спусцімся давайце на зямлю —

Як жывеш ты сёння, лес сучасны?

 

І хоць зноў у нашыя лясы

Залятаюць тапара пагрозы,

Бачны елак вострыя насы,

Сосны ёсць, дубы, кляны, бярозы.

 

Многа й іншай дробязі, але

Драбяза праб’ецца без дагляду.

Лес жыве з ляснічым «на чале»,

Што казаць — даходная пасада.

 

Ён рухавы, малады яшчэ,

Ён ламае, крышыць перашкоды.

Новае — па-новаму цячэ,

Ісціна — у новым не заўсёды.

 

Стаў ад леснікоў патрабаваць

Наш ляснічы праз свае загады:

— Лес мясцовы й надалей збываць,

А з замежных дрэў садзіць прысады!

 

Аж са скуры лезуць леснікі,

Бо ляснічы — нібы бацька родны...

І куды ні глянь — на ўсе бакі,

Лес узрос замежны, іншародны.

 

Вось табе і родная зямля,

А для дрэў тутэйшых месца мала.

Дык няўжо звядзецца да нуля

Лес, які зямелька ўзгадавала?

 

Дык чаму наш лес, мясцовы, свой,

На Радзіме ў пасынкі трапляе,

Самабытнасць страчвае, губляе,

А чужак — з узнятай галавой?

 

Родны гай прыціх і родны бор,

У трывозе змоўклі пералескі...

Але ціха! Чуеце тапор?

Дык няўжо, жыццю наперакор,

Зноў ад лесу застануцца трэскі?

1989


1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.