epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Люблю і не

Бядую, як сказалі б, задарма,

На роўным месцы

гурбякі шукаю.

Прыйшла зіма,

а радасці няма,

Камяк пакутаў

з болем палыкаю.

 

Для большасці зіма —

жаданы госць,

Забаў, цікавых святаў

мноства дорыць.

Вакол бялютка, чыста —

прыгажосць,

Рухавасць, гамана —

мароз бадзёрыць.

 

А дрэвы ў белых футрах —

безліч іх,

І кожнае снягуркай выглядае.

А ясны дзень —

як малады жаніх,

А ранічка — нявеста маладая.

 

Чаму ж ты для мяне,

зіма — бяда?

Я мушу паўтарацца —

слова ў слова:

Бяздомных, безпрытульных мне шкада —

Люблю зіму і не —

адначасова.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.