epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Людзі!

Людзі!

Калі мы людзі,

І сэрцы у нас, не каменне,

Няхай паміж намі будзе

Узаемапаразуменне.

 

Няхай паміж намі не будзе

Нічога, апроч любові.

Веру — яе абудзіць

Шчырасць у кожным слове.

 

Глянем не ў бок,

Не ў спіны,

А ветліва — вочы ў вочы.

Выберэм лёс адзіны —

Сонечнасць, а не ночы.

 

Мы, толькі мы сабе суддзі,

І пры падзенні, пры ўздыме.

Людзі!

Калі мы людзі,

Будзем заўсёды імі.

 

Жыццё — карпатлівая праца,

Душы патрабуе не мала.

Людзі!

Людзьмі трэба звацца!

Так абуджаў нас Купала.

 

Людзі...

Не ўсе чыталі

Купалу —

Мяне тым болей

Людзі...

Кладуць на шалі

Будучы боль да болю.

 

Людзі...

Кладуць на шалі

Зброю да новай зброі.

Будуць ці не

Ў фінале

Выратавальнікі Ноі?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.