epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лустачка хлеба

Два дружбаны, Віцька і Міцька, скончылі першы клас і былі заслужана ўзнагароджаны першымі ў жыцці летнімі канікуламі. Кожнаму чалавеку, нават самаму даросламу, прыемна адпачыць пасля цяжкай працы. І хлопчыкам гэты падарунак жыцця, здавалася, надаваў крылы — наперадзе цэлых тры месяцы вольнасці-раздольнасці. І хоць вучоба — не такая ўжо і праца, а ўсё ж — штодзённая адказнасць перад сабой і, самае галоўнае, падкантрольнасць з боку бацькоў і настаўнікаў.

Абавязкі, няхай сабе і прыемныя, пазбаўляюць дзяцей яшчэ больш прыемнай, гэтай самай вольнасці-раздольнасці.

Вось Віцька і Міцька, адчуўшы сваю «непадкантрольнасць», вырашылі пайсці ў паход да Скандынаўскага Госця. Так звалі вялізны камень, які ўзвышаўся на пагорку сярод раскідзістых дубоў. А ён меў такую назву таму, што, па словах дарослых, яго калісьці прыцягнуў сюды са Скандынавіі ляднік. Ісці да яго трэба было нейкіх пяць кіламетраў па наезджанай турыстамі дарозе.

Хлопчыкам гэта дарога была знаёмая, бо яны ўжо хадзілі аднойчы да каменя разам з усім класам. Але, ці ж гэта паход з настаўніцай? Туды — не хадзі, у бакі — не глядзі, не штурхайся — слухай...

Не, яны адны, самастойна, пройдуць па гэтай дарозе да загадкавага Скандынаўскага Госця.

А каб пазбавіцца кантролю ці ўвогуле забароны з боку бацькоў, сябрукі непрыкметна пакінулі вёску. Яны, як вопытныя вандроўнікі, запіхнулі ў кішэні па бутэрброду і бадзёра пакрочылі насустрач першым у жыцці прыгодам.

У дарозе было цікава і весела, прыемна і бесклапотна. Кашлаты лес з двух бакоў дарогі пазіраў на хлопчыкаў загадкава і таямніча, што прымушала іх сцішаць хаду.

Не прайшоўшы і паловы шляху, сябры дасталі свае бутэрброды і, хоць не прагаладаліся, пачалі сілкавацца.

У Віцькі быў бутэрброд з кілбасой, а ў Міцькі — з салам. Віцька хуценька з’еў кілбасу, а лустачку хлеба нядбайна кінуў на дарогу.

Міцька, які крыху адстаў ад сябра, падняў лустачку і паклаў сабе ў кішэню. Зрабіў ён гэта, хутчэй аўтаматычна, без аніякай думкі, а свой бутэрброд даеў увесь. Магчыма, таму, што сала адно, без хлеба, не есца.

Падсілкаваўшыся, хлопчыкі весела пакрочылі далей.

А вось і ён, Скандынаўскі Госць. Які ж ён агромністы! Толькі цяпер сябры, убачыўшы адзін аднаго побач з гэтай веліччу, адчулі сваю мелюзгавасць і кволасць.

— Вось гэта гара! — баязліва прашаптаў Віцька, быццам баяўся разбудзіць гэту грамадзіну.

— Ага-а-а...— выдыхнуў сябар.

— А ведаеш,— працягваў Віцька,— тады, з усім класам, ён здаваўся значна меншым. А цяпер — ого-о!

— Угу-у-у...— яшчэ раз выдыхнуў Міцька. Затым спытаў: — А памятаеш, тады настаўніца казала, што кожны вялізны камень вылучае з сябе адмоўную ці станоўчую энергію. Можна да яго прыхінуцца і ён табе энергію аддасць. Прыхінемся?

— А калі ён аддасць нам штосьці благое? — завагаўся Віцька.

— А мы ж тады да яго прыхіналіся,— напомніў сябар.— І што? Нічога такога не адчулі — ні адмоўнага, ні станоўчага.

— Ты не адчуў, а я наступным днём двойку схапіў,— напомніў Віцька.

Хлопчыкі асцярожны прыхінуліся да валуна і моўчкі пастаялі.

— Ну як? — спытаўся Віцька.— Што адчуваеш?

— Стому,— адказаў сябар.

— Гэта пасля дарогі,— удакладніў Віцька.— Давай пасядзім, адпачнем і — гайда дамоў!

— Давай!

А ведаеш,— прапанаваў неўгамонны Віцька, дарога сюды пралягае паўкругам, робіць вялікую дугу, а напрамкі, праз лес, будзе ўдвая карацей. Ну як, скароцім дарогу?

— Праз лес боязна, яшчэ заблудзімся,— завагаўся сябар.

Не дрэйфь! Мяне тата вучыў, як не заблудзіцца — трымайся сонца!

— Як гэта, трымайся за сонца? — не зразумеў Міцька.

— Ды не за сонца! — засмяяўся Віцька.— Вёска наша вунь у тым кірунку, сонца ў нас — справа. Вось і будзем трымаць яго ўвесь час з правага боку. Ну? Ды што мы малыя? І шлях скароцім, і сілы захаваем.

— Пайшлі!..— без асобай ахвоты згадзіўся Міцька.

І падаліся сябры да сваёй вёскі нацянькі. Але ж кажуць: «Пойдзеш нацянькі, будзеш блудзіць тры дзянькі». Так яно і атрымалася.

Спачатку здавалася, што ўсё ідзе па Віцькінаму плану: вёска — там, сонца справа. Але ж лес — не шаша. Тут і вываратні, і паваленыя дрэвы, якія неабходна абыходзіць, тут і гушчарыны непралазныя, якія трэба абмінаць. Мусіш увесь час пятляць, як заяц, губляючы кірунак. Ды і хмаркі папаўзлі, надалі небу шэра-свінцовы колер і схавалі сонейка. Дзе вёска, дзе сонца — усё зблыталася.

Адчуўшы, што пачынаюць блудзіць, сябры запанікавалі.

— Мо вернемся назад? — нясмела прапанаваў Віцька.

— А дзе тое «назад»? — у сваю чаргу спалохана спытаў Міцька.— Гэта «назад» цяпер для нас — на ўсе чатыры бакі.

— А што ж рабіць? — звярнуўся да Міцькі сябар.— Можа, пачакаць сонца?

Міцька паказаў на неба:

— Якое сонца? Вечарэе...

— Але ж і стаяць на месцы нельга! — адчуваючы віну, надаў свайму голасу бадзёрасць Віцька.— Я чуў ад таты, што, калі заблудзішся, трэба ісці ўвесь час у адным напрамку, некуды выйдзеш — ці на дарогу, ці да людзей.

— Менш бы ты чуў ад свайго таты, мы б даўно вярнуліся дамоў па дарозе.

Слова «дамоў» надало хлопчыкам такога адчаю, што Віцька не стрымаўся:

— Я баюся! А раптам мы ніколі не вернемся дамоў?

— І я баюся,— прызнаўся Міцька.— Але дамоў мы, хоць калі, ды вернемся. Не ў тайзе ж мы! Вакол нашай вёскі столькі іншых вёсак. Трэба толькі ўважліва слухаць, ісці і слухаць — брэх сабак чуваць здаля.

Тым часам пачало па-сапраўднаму цямнець і ў прыцемку ісці зрабілася немагчыма. Прыйшлося залезці пад нейкую елачку, сесці і моцна прыціснуцца адзін да аднаго, каб было цяплей.

Сябры адчувалі ўздрыгванне сваіх целаў і не ведалі — ад холаду гэта ці ад страху.

Быў чэрвень, ночы гэтай парой году кароткія і даволі цёплыя, таму дружбаны без асобых цяжкасцей дачакаліся раніцы, тым больш, што стома паспрыяла ім заснуць.

Але сябры, апынуўшыся ў палоне стомы і страху, забыліся на голад. І толькі цяпер, як узышло сонца, яны адчулі такія рэзі ў жываце, што Віцька застагнаў:

— О-ё-ё, як хочацца есці! Сіл няма ісці далей! Я ж — дурны-дурань, па дарозе да гэтага... фу, не хочацца называць, як яго завуць, каменя, выкінуў лустачку хлеба. Што ж я нарабіў? Як бы той хлебчык нас уратаваў ад гэтых рэзяў у жываце.

Міцька — мац за кішэню і ўскочыў. Лустачка на месцы, яна не згубілася! Яна ўвесь час вандруе з імі па лесе! Ён ад радасці знайшоў сілы нават на жарты:

— Віцька! — ажно закрычаў сябар.— Віцячка, а раптам тая лустачка — чароўная! Ты пакліч яе, яна прыляціць да нас!

Стомлены сябар сумна згадзіўся:

— Я б паклікаў, але такое спаўняецца толькі ў казках...

— А я паклічу! — усклікнуў Міцька і, прыклаўшы да роту далоні, штосілы гукнуў: — Лустачка! Родная! Ляці да нас! Ратуй нас! Хутчэй!

— І што? — кісла скрывіўся Віцька.— Прыляцела яна?

Міцька непрыкметна дастаў з кішэні лустачку хлеба і пераможна падняў яе над сабой:

— А як жа! Прыляцела! Вось табе і казка — а ты не верыў!

Віцька разгублена спытаўся:

— Гэта твая лустачка? Гэта ты тады не з’еў, а схаваў яе?

— Не, Віцячка, гэта лустачка твая! Я машынальна падняў яе, не ведаю, чаму. Магчыма таму, што хлеб увогуле нельга выкідваць. Не ведаю...

Затым разламаў яе напалам:

— На вось, гэта табе. Мы згубілі шмат сіл, спадзяюся, лустачка нам дапаможа.

Віцька пачырванеў:

— Мне сорамна... нават расхацелася есці. Не ведаю, магу я яе ўзяць ці не?

— Бяры, бяры! Лустачка чароўная, яна не пакрыўдзілася, інакш не прыляцела б да нас.

І сябры пачалі есці хлеб, які падаўся ім самым найсмачнейшым з усіх прысмакаў, якія давялося есці ў сваім кароткім жыцці.

Даеўшы лустачку, сябры адчулі прыліў сіл і зноў бадзёра пайшлі прама і прама, не звяртаючы ўвагі, з якой рукі сонца, бо ўсе арыенціры канчаткова пераблыталіся.

Віцька на хаду абураўся:

— Гэта ўсё ён — чортаў камень! Выпраменіў на нас сваё адмоўнае нутро, вось мы і блудзім.

— Камень тут ні пры чым,— не згадзіўся Міцька.— Самі мы вінаваты.

Паблудзіўшы яшчэ некалькі гадзін па лесе, сябры раптам пачулі брэх сабакі.

— Вёска! — у адзін голас усклікнулі яны.— Туды! Хутчэй туды!

І яны пабеглі на сабачы брэх. Але брэх адхіліўся і пачуўся з другога боку, нават ззаду сяброў.

Хлопчыкі спыніліся і прыслухаліся.

— Вёска нейкая дзіўная,— разгубіўся Міцька,— не стаіць на месцы.

Віцька на ўсякі выпадак асцярожна гукнуў:

— О-го-го! Людзі-і!

Раптам ззаду да хлопчыкаў з лесу выскачыў Міцькін сабака, Званок. Ён з радасным брэхам і візгам кінуўся на грудзі да свайго маленькага гаспадара.

— Званочак! Родненькі! — цяпер ужо ледзь не вішчаў шчаслівы хлопчык.

Віцька таксама абдымаў сабаку і толькі прыгаварваў: «Званочак... Званочак».

— Ты адкуль? — не мог супакоіцца Міцька.— Паказвай дарогу, Званочак! Вядзі дамоў! Дамоў!

Слова «дамоў», відаць, было знаёма сабаку, і ён, весела памахваючы хвастом, упэўнена пабег наперадзе двух блукацеляў і праз хуткі час вывеў іх да сваёй вёскі.

Давялося гукаць і збіраць усіх вяскоўцаў, якія ўсю ноч і паўдня шукалі зніклых хлопчыкаў.

Развітваючыся з сябрам ля яго хаты, знямоглы Віцька з цеплынёй сказаў:

— А лустачка была сапраўды чароўная. Яна вярнула нам сілы і шмат чаму нас навучыла, асабліва мяне.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.