epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Люстэрка

Карысна паглядзецца

ў люстра часу,

Не бойцеся —

люстэрка не крывое.

Яно спаўна праявіць

сутнасць нашу

І не дадасць нам

зло й дабро чужое.

 

У люстры часу —

лёсаў нашых хвалі,

То ўверх, то ўніз —

мы ім па-свойму спадчым.

Калі ў пясок

мы галаву хавалі,

Замест яе

Другое месца бачым.

 

Ў жыцці мы вытыркаем

спраў параднасць,

Наш, гонару мундзір —

на нас прылюдна.

Але й памкненняў нашых

Непрыгляднасць

Ў люстэрку часу

знойдзем мы паўсюдна.

 

Душы усмешку

й жорсткасці грымасу

Мы клалі

Ў завірусе дзён на шалі.

О, каб мы зазіралі

ў люстра часу,

У нейкі час

сябе б там не пазналі.

 

Прыйшлі мы не святымі

ў свет наш Боскі.

І ўсё-ткі сэрца

святасцю жывое...

Папраўце на хаду

хаця б прычоскі —

Не бойцеся,

Люстэрка не крывое.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.