epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Лысы

А я яму ласкава: — Лысы!..

Нібыта сябру — не каню.

Да цёплых губ яго, да пысы

Падношу з хлебам даланю.

 

А ён і ёсць мой сябар шчыры,

Хоць я сусед, не гаспадар.

Рве жылы, не шкадуе сілы

Захамутаны конік мілы —

Людской няўдзячнасці ўладар.

 

І дні будзённыя, й нядзельку

Ўсе сілы працы аддае

За жорсткасць пугі, за бутэльку,

Што зарабляе ды не п’е.

 

На лузе, летнім ранкам раннім,

Ледзь толькі стрэсла сон зямля,

Ён прывітаў мяне іржаннем —

Заўважыў і пазнаў здаля.

 

Я падышоў, а ён міжволі

Шчаку мне пысай — «прыгубіў».

Таму, напэўна, што ніколі

Ні мацюкаў яго, ні біў.

 

Удзячны я за шчырасць, конік,

Але сціскае сэрца жудзь —

Вы з вёсак зніклі, як гармонік,

Які ні ўбачыць, ні пачуць.

 

Вы зніклі, нібы вечарынкі,

Нібы прыпевак карагод...

Вы ёсць пакуль, але адзінкі.

І мы кіруем вас на звод.

 

А з будучыні чадна крочыць

Слата жалеззя да людзей.

Яму не зазірнеш у вочы

І не прыціснеш да грудзей.

 

Яно не заіржэ прыветна,

Наш боль сабе не забярэ...

І ў чалавеку непрыкметна

Штось чалавечнае памрэ.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.