epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Маці Тэрэза

Прагнуць тваёй цеплыні і спагады

Нашыя дні.

Людзі пяшчоце, як сонейку, рады

I дабрыні.

 

Жорсткасць убілася ў нашыя сэрцы,

Лаянка, брэх.

Бога зняважылі, як іншаверцы,—

Сорам і грэх.

 

Нам бы з жыццёвай крыніцы адвечнай

Чэрпаць спакой.

Мы ж да мяжы падышлі небяспечнай,

Кроў за якой.

 

Вісне над намі нянавісць-спакуса,

Губіць, як чад.

Брат беларус, палюбі беларуса —

Ён жа — твой брат.

 

Мы ж, незалежна ад веры і мовы —

Дзеці зямлі.

Мудрасць захоўвалі, час больш суровы

Перажылі.

 

Пэўна, не сэрцы ў нас сёння — жалеза,

Жудасны час.

Ты неабходна нам, маці Тэрэза,

Выратуй нас!


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.