epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Маці і дзіця

Пакуль я ў свеце ёсць,

пакуль жывы,

Без тлумачэння —

што і да чаго,

Зямля мая,

Ты маеш ўсе правы

Мяне караць,

як пасынка свайго.

 

Ў табе навечна

спяць мае бацькі,

Тут будзе усыпальніца й мая.

Я толькі па прапісцы гарадскі,

А у душы —

як ёсць вясковы я.

 

З табой я сэрцам,

думкамі, да слёз,

Мне без цябе,

хоць не жыві — павер.

Так склаўся мой

пасляваенны лёс,

Я ад яго залежу і цяпер.

 

Не міл мне тлумны горад

І не люб,

Хоць звязвае нас штосьці

шмат гадоў.

Мы з ім —

нібыта вымушаны шлюб,

Ў якім смыліць

Ўзаеманелюбоў.

 

Я хоць амаль

усё жыццё пражыў

У горадзе —

на тое шмат прычын,

Зямля мая,

я літасць заслужыў,

Не пасынак я твой,

а родны сын.

 

Я да цябе лячу

у вольны час,

Ты снішся мне

на працягу жыцця

Святое пачуццё яднае нас,

Як родных, кроўных —

Маці і дзіця.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.