epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Магчымасць

На далёкай вярсціне, на самай далёкай,

Дзе сіроцтвам атулены слуп верставы,

Прыпыніся, пастой, пакрычы, пагалёкай.

Калі рэха адкажа, ты пакуль што жывы.

 

Там, за гэтай вярстой, далягляд невядомы,

Ён, хутчэй, блізкагляд, нейкі крок да яго.

Блаславёны бязвыйсцем, стаю нерухомы

На мяжы безназоўнай прыпынку свайго.

 

Эх, звініць цішыня, як камар той над вухам,

І не бачна, на чым затрымаецца зрок.

Ёсць такая магчымасць, сабраўшыся з духам,

Не затрымліваць часу, зрабіць гэты крок.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.