epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Магнітафонная стужка

Па магнітафоннай стужцы

Ў маладосць вярнуўся.

У мінулым, ў самай гушчы

Раптам апынуўся.

 

Паміж розных пустамеляў,

Жартаў запісáных,

Загуло маё вяселле,

Дзіўна, нечакана.

 

Таго часу цьмяняць зоркі —

Паўста год мінулі.

Сум салодкі, выдых горкі

Сэрца агарнулі.

 

Звон і «пах» сталоў накрытых

Стужка адраджала,

Галасы гасцей забытых,

Шмат якіх не стала.

 

Вось і мама зычыць шчасця

Нам — за ёй і тата.

І жадае, зноў жа шчасця,

Тост сястры і брата.

 

Голас жонкі, як анёла,

Голас мой — блазнючы...

Нас жыццё перамалола,

Лёс складаны, невясёлы,

Нас пераагучыў.

 

На магнітафоннай стужцы

Розных гукаў веча.

Чую — толькі год дачушцы

І яна шчабеча.

 

Чую песні пад гітару

Ў маім выкананні.

Мне і радасць, мне і кару

Дорыць час той ранні.

 

Тое, што са стужкі чутна,

Часам тым сагрэта.

Менш — прыемна,

Больш — пакутна,

Сэрцу чуці гэта.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.