epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мая Карпілаўская восень

Тры месяцы, як тры браты

Пары залочана-стракатай.

Са мною кожны з іх на «ты»,

І з кожным я, нібыта з братам.

 

Тры месяцы, мы — як адно,

Яднанне душамі — сам-насам.

Мне не пісалася даўно,

Як побач з імі, гэтым часам.

 

Мяне прыход іх спавядаў

І хваляваў, і штось прарочыў.

Я шмат бы верасню аддаў,

Каб ён даўжэй глядзеў мне ў вочы.

 

Гаёў, яшчэ зялёны шум,

Усход па-летняму ружовы.

І светлы ўздых, і ціхі сум —

Асобны водар вераснёвы.

 

Душа ў кастрычніцкія дні

Не сонцам,— фарбамі сагрэта —

Вакол нібы гараць агні,

І зноў святкуюць бабы лета.

 

Душу кастрычнік залаты

Птушыным выраем галосіў.

Мне сэрца высветліла ты,

Адзінай продкаўшчыны восень.

 

Я хваляваўся неўпапад,

Баяўся тройкі белых коней.

І спачувальны лістапад

Не выпускаў цяпла з далоняў.

 

Мне лістапад пісаў лісты

І рыфмы й першы снег прыносіў...

Вось і закончылася ты,

Мая Карпілаўская восень.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.