epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Малацьба

Да тарпы, са снапоў укладзенай,

Умалоту чакаўшага жыта,

Падкіроўваў камбайн-грамадзіна

Сваёй сківіцай прагавітай.

 

Нам жа не да ўраджаю заможнага,

Мы ўпрагаліся ў працу адчайна.

Абавязак быў свой у кожнага,

На тарпе, ля тарпы, ля камбайна.

 

Хтось адзін на тарпу лез з віламі,

Каб узрушваць снапы з іх пасцелі.

І яны, нібы птахі бяскрылыя,

Ўніз адзін за другім ляцелі.

 

Тут жанчыны, ад спёкі чырвоныя,

Перавяслы здзіралі старанна

І давалі снапы разпрыгонныя

Двум калгаснікам ля барабана.

 

І снапы каласамі спелымі

Ў барабан падаваліся спрытна.

Кожны рупіўся, каб паспелі мы

Да цямна разабрацца з жытам.

 

А ў той час былі голымі, босымі

І калгасы, не толькі людзі.

І мы жыта касілі косамі

І тарпілі снапамі калоснымі,

Бо калі той камбайн прыблудзе?

 

І калгасы ледзь-ледзь абжываліся,

Быў камбайн аж на ўсе брыгады.

Вось чаму так усе завіхаліся,

Дзіўнай тэхніцы былі рады.

 

Мы, узрушана, з мокрымі спінамі,

Шумна, з жартамі працавалі.

І ад пылу, асця з мякінаю

Дзіўна-прывідна выглядалі.

 

Сноп апошні... І кожны ўзмылены,

Едкім потам наскрозь прамочаны,

Быў настолькі за дзень знясілены,

Як скамечаны сноп умалочаны.

 

Было цяжка, але і весела.

Малацьба — таго часу падзея,

Безнадзейнасць калгасную крэсліла,

Пераносіла ў свет надзеі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.