epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Малая Радзіма

Аўтабіяграфічная паэма

 

Палоняць успаміны нас,

Мы неразрыўна з імі,

У іх жыве там наша ўсё,

Што мы перажылі.

Там нашы сэрцы, у мінулым,

На Малой Радзіме

Там нашы продкі й продкі іх,

Спяць у святой зямлі.

 

Калыску там люляе час —

Сусвет для немаўляці,

Ў якой утульна нам было

У першы час жыцця,

Якая памятае нас

І калыханку маці.

Й наказ бацькоў: — Ляці з гнязда,

Як вольны птах, дзіця!

 

*

А вось і першы крок яго

Па невялічкай хаце,

І зноў: туп-туп — за крокам крок,

О што за цуд яны!

Маршрут свой першы у жыцці,

Ён з дапамогай маці,

Адолеў ад адной сцяны

І да другой сцяны.

 

Ах, як жа шчабятала ўслых,

Ажно ўзахлёб дзіцятка,

Як адагрэты верабей,

Што перажыў зіму.

І падалася сціслая,

З навіслай столлю хатка,

Высокаю і велічнай,

Агромністай яму.

 

Падслепаватых вокнаў сум

І печы гмах, і лава,

І парудзелыя ажно

Партрэты на сцяне —

О як жа нова ўсё было

І як усё цікава,

Здавалася, ўсё вабіла —

Пакратай і мяне.

 

*

Між тым, мінаў шчаслівы час

Ў паўзмроку хаты шэрым,

Дужэў паціху хлапчучок,

З нядоляй напалам.

Зноў з роднай маці за руку,

Ступіў на двор за дзверы,

А там!

Ён засвяціўся ўвесь —

Так шмат убачыў там!

 

У сэрцы светлым хлапчука

Адчулася патрэба

Агучыць бачанае ім

Працяглым: — О-ё-ёй!

А краскі ў лузе!

А зямля!

А колькі ўверсе неба!

І маці здзіўлена спытала:

— Што, сынок, з табой?

 

Працягваў ён:

— А гэта што?

А што далей вунь тое?

А там?

А тут?

А навакол? —

Здзіўляўся хлапчучок.

А маці:

— Ўсё вялікі цуд,

Дзіцятка залатое,—

Радзіма наша, дзе наш дом,

І родны твой куток.

 

Ў вайну мы гаравалі ўсе

З Радзімай, сынку мілы,

Цяпер жыццё у кожны кут

Вяртаем пакрысе.

На месцы спаленых дамоў

Растуць паціху зрубы,

Ды ранаў шмат яшчэ вакол,

Залечаны не ўсе.

 

Вушмі ён словы маці чуў,

А сэрцам чуў другое,

Бо шмат якіх не разумеў

Сваёй матулі слоў.

Ён покліч чуў жыцця вакол,

Як штосьці дарагое —

Малой Радзімы да сябе

Ён адчуваў любоў.

Хоць зараз вочы хлапчука

І бачылі не мала,

Не менш чаго з усіх бакоў

Улоўліваў і слых.

І сэрца казачную быль

З пяшчотай успрымала,

З Радзімаю сваёй малой,

Знаёмства кожны міг.

 

І гэты самы першы час,

З Радзімай — вочы ў вочы,

Хоць адбываўся першы раз,

Усё ж — галоўны раз.

Бо потым у сваім жыцці,

Шмат пасталелы хлопчык,

У сэрцы будзе несці ён

Шчаслівы гэты час.

 

*

У школу пешшу ў першы клас,

Па снезе, без дарогі,

А да яе — няблізкі свет,

Не менш, чым дзве вярсты.

Ныралі ў гурбы з галавой,

Свае шукалі ногі,

Бывала, што губляўся свет

Ад снежнае слаты.

 

І гэтак кожны Божы дзень,

Не летняю пяшчотай,

А ў маразы за дваццаць і —

У снежную пургу.

І ўсё ж у кволых рызманах

У школку йшлі з ахвотай,

Зачы́таны буквар, за ўсё

Меў большую вагу.

 

Ці ж хтосьці сталы мог забыць

Буквар пасляваенны,

З некаляровым аздабленнем

І з «ма-ма» па складах?

Які тады ён дзіўны свет

Нам адкрываў таемны,

Уводзіў далікатна ў веды

Цераз няведаў страх.

 

Напэўна, пасля Бібліі,

Буквар у кніжным свеце,

За ўсе энцыклапедыі —

Галоўны кніжны твор.

Ён — ветразь, пад якім штогод

Няўрымслівыя дзеці

Плылі з маленства ў свет надзей

І на жыцця прастор.

 

Падзяка і паклон табе,

Наш сябар незабыўны,

Мільёны раз прачытаны,

Малечаю Буквар!

У акіяне ведаў ты,

Наш самы першы, дзіўны,

Заўжды бясцэннага жыцця,

Такі ж бясцэнны дар.

 

*

Праз час адбудавацца зноў

І вёсачка паспела,

Прайшоўшы непакорна праз

Ліхіх гадоў пару.

Глядзела больш упэўнена сучаснасць

І больш смела,

У новы дзень, у новы час,

Імкнулася ўгару.

 

І людзі ачунялі, ім

Даволі жыць ў абносках,

І кожны ад пустых сталоў.

Й бясхлебіцы адвык.

І песні загучалі зноў

Па навакольных вёсках,

І ўжо згубіў шчаслівы час

Шчаслівым шлюбам лік.

 

І, паміж тым, праз колькі год

І хлопчык скончыў школу,

Зрабіўся зграбным юнаком —

Нішто не спыніць час.

З маленства ад зямлі ён быў,

Ён быў «наскрозь» вясковы —

Ці мог ён здрадзіць і сабе.

І абмінуць калгас?

 

Ён, як і ўсе яго сябры

У ботах, у ватоўцы,

У працы што ні дзень былі

Адзінаю сям’ёй,

Як продкі продкаў, як бацькі,

І ўсе аднавяскоўцы

Гімн працы кожны дзень «пісалі»

Працаю сваёй.

 

А колькі моладзі было,

Сустрэч і вечарынак!

А колькі гульняў і забаў

У вольны час было!

Там, дзе хлапечыя гурты,

Дзе цесна ад дзяўчынак,

Запальвае каханню час

Зялёнае святло.

 

Ці ж абмінуць каханне мог

Той, нам юнак знаёмы?

Не абмінула юнака

Ўзаемна і яно.

Прынёс на крылах салавей

Да іх любоў без стомы,

Каб закаханых сэрцы два

З’ядналіся ў адно.

 

*

У нейкі час, у нейкі дзень,

Ён выйшаў з хаты ў поле:

— Бывай, адзіны родны край!

Бывай не назаўжды!

Я на тваіх далонях рос,

З табой адной мы долі,

Ад’еду не надоўга я,

Ўсяго на тры гады.

 

Вось мне прыслаў ваенкамат

Павестку прызыўную,

Ды нашай повязі з табой

Павестка не парве.

Тваю любоў і прыгажосць

Я ў сэрцы ушаную,

Як ушаноўвалі спрадвек,

Хто жыў тут і жыве.

 

Бацькі бывайце і сябры,

Каханая таксама,

Гады жыцця, што тут прайшлі

Нягоршымі былі.

Сустрэчы буду я чакаць,

Як з лепшым часам, з вамі,

Бо кожны чалавек — ніхто

Без роднае зямлі.

 

*

Мільгалі дні, ішлі гады,

Аддаў ён доўг Айчыне,

Былі вайсковыя манёўры,

Стрэльбы, марш-кідкі.

Служыў Радзіме, а душой

Быў на Малой радзіме,

Бо там каханне, родны дом,

Бацькі і землякі..

 

І ўсё ж скруціўся ў іншы бок

Далейшы лёс хлапечы,

Яны, абставіны жыцця,

Мяняюць лёс і нас.

Не могуць мары векаваць

Каля бацькоў на печы,

І ён пакінуў родны дом,

Вяскоўцаў і калгас.

 

Дарогі клікалі яго,

Як тыя з хаты крокі,

Калі ён з маці ўпершыню

Малым ступіў на двор.

Цяпер адкрыўся перад ім

Жыцця абшар шырокі,

І новых мараў далягляд,

І дзейнасці прастор.

 

Не, ён не здрадзіў ні сабе,

Ні дням юнацкім чыстым,

І мары першыя з душы

Не выкінуты вон.

Ён зразумеў, што Беларусі

Будзе больш карысным,

Дзе новых мар складаўся гімн,

Дзе больш патрэбен ён.

 

І ўсё ж застаўся лепшы час

У казачным дзяцінстве,

У беззаганнасці святой

Юнацкіх мар і дзён.

Цяпер, праз настальгічны боль,

Ён адчуваў адзінства

З тым, што было, але прайшло,

Як незабыўны сон.

 

Цяпер, у залах гарадскіх,

Ён адчуваў агульна,

Хоць гэта быў музей, палац —

Ды шмат чаго было,

А як жа ў хатцы той малой

Было душы утульна,

І неба там было вышэй,

І сонца менш пякло.

 

Ён са сталіцы ў вольны час,

Каб сэрцам наталіцца,

Імчаў у вёсачку глынуць

Мінулага глыток.

Нідзе у свеце, толькі тут,

Душы яго сталіца,

На ўсёй планеце толькі тут

Жыцця яго выток.

 

*

А што прыдбаў «у лепшы час»

Ён ад Малой Радзімы

За тое, што падараваў

Ёй лепшыя гады?

Калгас быў бедны,

Больш плаціў падзякай, чым грашыма,

Ды і падзякаю людзей

Адорваў не заўжды.

 

Яда, як кажуць, з плеч у печ,

Зімою — бульба, сала,

Ды і яно не кожны дзень

Магло аздобіць стол.

А лета — ягадным было

І шчаўем частавала —

І з дня на дзень,

І з году ў год

Такі вось «разнасол».

 

Адзенне — з беднасці было,

Абноўкі — з той жа «касы»

Насілі ў спёку і мароз,

Знасіць іх не маглі.

Абутку верх з пазыкаў быў,

Падэшвы і абцасы —

З нявыплачаных працадзён

Ад году ў год былі.

 

Чаму ж так прагне ў родны кут

Заўжды душа жывая,

У незаможны час, які

Ўявіць хто б сёння мог?

Хто сэрцы да канца жыцця

Адтуль не адпускае?

Хто для падтрымкі нашых душ

Бацькоўскі кут бярог?

 

Не грошы грэлі сэрцы нам,

(А хто сагрэўся сёння?)

Люлялі не катэджы нас,

А ўтульнай хаты кут.

Нас вабіла увышыню

Блакіт-нябёс бяздонне —

Ці знойдзем сёння шмат людзей,

Хто бачыць гэты цуд?

 

Не толькі нам дала жыццё

Малой Радзімы годнасць,

Яна і блаславенне нам

У новы час дала.

Мы спасцігаем праз яе

З адвечным першароднасць —

Што чалавек і ёсць дабро

У бітве супраць зла.

 

Як не схіліцца прад табой,

Зямля бацькоў — матуля?

Ці ж можна не любіць цябе,

Забыцца на цябе?

З народзін,

З самых першых дзён,

Мы подых твой адчулі,

Які і сёння грэе нас

І кліча да сябе.

 

*

Не ўсё ідзе, як хочам мы,

Жыццё нам правіць планы —

Вось-вось закончыцца тунэль,

А дзе яно, святло?

Здаецца, лёгкі будзе дзень,

А выпаў дзень складаны,

Чакаеш добры ураджай,

А жыта палягло.

 

І ўсё ж мы верым у дабро,

У творчых планаў справы,

Хоць сустракаюцца ў жыцці

Няўдачы табалой.

Душы і працу аддаём

Мы на карысць дзяржавы,

А сэрцам —

Сэрцам мы з табой,

З Радзімаю Малой.

 

І хто назваў цябе «Малой»,

Святло і святасць лёсу?

 

Ці ж ёсць што большае для нас,

Чым да цябе любоў?

Ў вялікай шчырасці тваёй

Квітнелі нашы вёсны

І кожны да цябе ляціць —

Ізноў!

Ізноў!

Ізноў!

 

Ніколі для душы жывой

Не сціхнуць часу хвалі.

І ад Малой Радзімы нас

Не адгародзіць час,

Бо з ёю гаравалі мы

І разам святкавалі —

І гэта аб’яднала нас,

І парадніла нас.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.