epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Маленства

Нібыта ў набажэнстве,

Дзе сонечныя дні.

Душа жыве ў маленстве.

Ў святой далечыні.

 

І хоць было ў ім горка

І голадна было,

Яно — жыцця падпорка.

Дзіцячых год святло.

 

І я маленства помню —

Нястачу, слёзы, смех.

Па сонечнаму промню

Я ранкам з хаты бег.

 

Мяне гукалі мары

Да таямнічых мэт.

І вабілі абшары

У невядомы свет.

 

За далягляд жыццёвы —

Дарога без канца.

У бездань дзён ружовых

Прыемна даць нырца.

 

Як крыламі, рукамі

Махаў я, нібы ў сне,

А неба жаўрукамі

Спявала гімн вясне.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.