epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Малітва

Люблю цябе, мой Бог, і адвяргаю —

Што болей — адвяргаю ці люблю?

С. Д.

З далёкага далеча,

З бяздоння даўніны,

Маліўся чалавеча,

Каленьмі драў штаны.

 

Спіну гарбаціў крута,

Масніцы лбом лічыў.

З іконавага кута

За кожным Бог сачыў.

 

Цуглялі плоць-спакусу,

Грашылі, а затым

Маліліся Ісусу,

Заступнікам святым.

 

І беззаганнай Дзеве,

І спраўна, з году ў год,

Сваёй рагулі ў хлеве,

Каб не мінаў прыплод.

 

Маліліся скарбонцы,

Чакаўшай «чорны дзень».

Маліліся на сонца,

На дождж, на ноч, на дзень.

 

Ды мелі ўсе патрэбу

Штодзённа да яды,

Таму — малітвы хлебу

Паўсюдна і заўжды.

 

Малітва — немаўлятам,

Слязам жалобных хат.

Былі малітвы й катам,

Прымаўшым лік ягнят.

 

Гулі за душы бітвы,—

Шмат трапіла ў палон.

Ды час мяняў малітвы

І парушаў канон.

 

Ёсць грэх, у сэрцы ўросшы,

І, пэўна, ад таго ж,

Хто — моліцца на грошы,

А хто — на востры нож.

 

І да святога Ойца,

Пасля крутых «уцех»,

Спяшаецца забойца,

Каб адкупіць свой грэх.

 

Зусім не па загаду —

За мэты ўсе свае —

Мы молімся на ўладу,

Бо выбралі яе.

 

І спадзяюцца людзі —

І я сярод людзей,

Што дзень наступны будзе

Мінулага святлей.

 

І ўсё ж жыцця дарога

Ў наступныя вякі

Без веры і без Бога

Крутнецца ў тупікі.

 

І паратунку дзеля

Я усвядоміць змог:

Святло ў канцы тунэля —

Бог!

 

*

Увесь свой век

вяду з сабою бітву —

То застые душа,

то адтае.

Я ўсё жыццё

ствараў сваю малітву,

Ішоў праз звышпакутнасць да яе.

 

Хацеў ад дум сваіх

сябе ж ачысціць,

На пераправе бед

мяняў каня.

Ці ж справа ў тым —

тры пальцы лоб наш хрысцяць,

Ці — злева ўправа

хрысціць даланя?

 

Лягчэй адрозніць

славу ад бясслаўя,

Чым плыні веры —

хто б мне дапамог? —

Каталіцызм,

ўніяцтва,

праваслаўе,

Буддзістаў, мусульман —

адзіны Бог!

 

Хоць Бог адзін —

няма адзінабожжа,

Не ўсюды іншаверцаў прызнаюць.

І розныя рэлігіі варожа

Нярэдка між сабой суіснуюць.

 

Абранай веры —

вернікі дастойны,

Ды свет не перастаў кроватачыць —

Загінулі ў міжрэлігійных войнах

І гінуць сёння людзі —

не злічыць!

Мільёны зніклі, быццам не было —

Дык што рэлігія —

дабро ці зло?

 

Святая вера, Бог —

для многіх свята.

І я імкнуся з верай

«на пакой».

Як сумясціць:

царква-святар-зарплата,

Катэдж-палац,

абстаўлены багата,

А вернікі —

з працягнутай рукой?

 

Даруй мне, Божа,

памылковасць гэту,

А, можа, не даруй —

у дол мне кол.

Бо я зжываю сам

сябе са свету

За непатрэбных думак,

«перасол».

 

Бо што ні год —

чарней душы асадак,

Бо вочы ў вочы —

незнаёмей час.

Як мне стварыць ў душы

светапарадак,

Дзе на пытанне кожнае —

адказ?

 

Не супраць я

укленчана-адданых,

Уросшых у падлогу галавой.

Пасрэднікаў не трэба

самазваных

Паміж табою, Божа,

і між мной.

 

Ды бог з табою, Бог —

я не баюся

Маланак-стрэлаў,

кары спадцішка.

Я не люблю канонаў —

і малюся

Сваімі слоўмі,

крыж — мая рука.

 

І для мяне мая душа —

ікона,

Я вернік для яе

і грахаўнік,—

Адрозніць,

дзе мана гучыць натхнёна,

А дзе маўчыць

святых пачуццяў лік.

 

Маліцца ўсім святым —

не абавязак,

А прага веры — для сябе святой,

Хачу я сам —

без нічыіх падказак,

Зрабіць свой выбар —

выбар толькі свой.

 

*

Я нічога ў цябе

для сябе не прашу —

Ты знаёмы з заможнасцю нашай.

Шлапакі датапчу,

рызманы данашу,

Дажыву і з аўсянаю кашай.

 

Не прашу за сябе,

не прашу за людзей,

Ты караеш нас —

мала караеш!

І хоць ты — літасцівы,

і ты — дабрадзей,

Ўсе падставы

для жорсткасці маеш.

 

Вунь дзіця — яснавокі,

бязгрэшны анёл,

Хмар на ранку

няма і ў паміне.

Колькі розных злачынстваў,

грахоў, розных зол

На яго чалавецтва абрыне.

 

І ў душы згасне сонца

пад ціскам начэй,

І для сэрца грахі —

нібы краты,

І драпежнасць з душы,

і няшчырасць з вачэй,

І прысуд —

ты ва ўсім вінаваты.

 

Гэту вопратку з дробязных

спраў не знасіць

І абутак —

грахоў нашых гіры.

Вось чаму, грэшнік я,

не пасмею прасіць

За сябе й за людзей,

Божа шчыры.

 

Я па праўдзе не варты

малітваў святых,

Не лунаю ў надзеях

ружова,

Але, скінуўшы сціпласць,

прашу я за тых,

Хто табою пазбаўлены слова.

 

Ты, магчыма, між справаў

забыўся на іх,

Я прашу, я малюся,

твой сыне,

За бяздомных жывёлінак,

птушак, за ўсіх,

Хто штодзённа

пакутуе, гіне.

 

Агарні іх цяплом,

не пазбаў іх надзей,

Кінь на лёс іх цяжкі

сваё вока.

Бо і душы — у іх,

як у нас, у людзей...

Як у нас?

Не! Да іх нам далёка.

 

Не, не з кожнага вока

сляза пабяжыць,

Нам — трагедыя,

іншым — забава.

Жыць пад сонцам, як мы,

не пакутаваць — жыць

Ўсё жывое — усё

мае права.

 

*

Зіма. Кладземся спаць, бывала,

Ні гуку, толькі мыш скрабе.

А мама штосьці цыравала

І ўсё ўздыхала ўглыб сябе.

 

О як шкада, што вы не чулі,

Як пры газоўцы ля стала

Мая набожная матуля

Размову з Госпадам вяла.

 

— Божа мілы,

Божа любы,

Божа родны,

О-хо-хо...

Божа літасцівы,

Божа шчыры,

Божа ўсемагутны,

Э-эхэ-хэ...

Божа слаўны,

Божа даражэнькі,

Божа непарушны,

Ты адзіны ў свеце,

Дзякую, што дзеці,

Дзеткі мае родныя,

Нічога, што галодныя,

Жывыя сыночкі —

Спяць вунь, як снапочкі,

Смокчуць ночы вымя,

І дачушка з імі.

Будзем жыць прыгожа —

Дзякуй табе, Божа...

 

Пасляваенная галеча,

Ноч, печ, газоўкі курадым.

Я нібы з Богам быў на печы,

Хоць мама размаўляла з ім.

 

І ўсё ўздыхала, быццам кпіла

З жыцця гаркотнага свайго.

Нічога ў Бога не прасіла

І толькі ўзносіла яго.

 

Бацькі, па вушы у нястачы,

Дзяцей галодных — аж кішыць,

А мама шэптам Богу дзячыць,

Хоць жыць было — як набяжыць.

 

Усё было ў жыцці-маланцы,

Жылі, разгортваючы бруд,

Спачатку, як краты, ў зямлянцы,

Затым — гнілы калгасны кут.

 

І ў ім нішто не дапаможа

Перафасоніць пекла ў рай —

Ні мамы пацеры, ні Божа,

Хоць лямантуй, хоць памірай.

 

Яшчэ я доўга чуў спрасоння:

— О, мілы Бог... о дзякуй, Бог...

І стала сорамна мне сёння

За мой няўдалы маналог.

 

Адкуль прыбедніцца патрэба —

З’еш хоць вала — адна хвала?

Ёсць хлеб надзённы і да хлеба,

Душа штодня не без крыла.

 

Адольваю праблем аблогу,

Яшчэ гарыць жыцця агмень.

Як не сказаць тут:

— Дзякуй Богу!

Не крочыць у наступны дзень?

 

*

«Не маніся, а Богу маліся» —

Заклікае Cтары Запавет.

Я пярэчу: — Спачатку маніся!

Вер сабе — на сябе пакладзіся,

Бог — загадка, паможа ці не?

 

Тым, хто ў справах нястрымны, гарачы,

Дапаможа й малітва і Бог,

Бо й вадзіца пад камень ляжачы

Не цячэ — тут і Бог не памог.

 

Чалавек шчыра моліцца Богу

І калені пакорліва гне.

Ды не думае, што й без падмогі,

Калі дужы — не зверне з дарогі,

Сам адолее штосьці ці не.

 

Перашкоды прайшоў — значыць з Богам,

Не адолеў іх — значыцца сам.

З веку ў век, за жыццёвым парогам —

З верай, з крыўдай на лёс — папалам.

 

Не, не варта адкідваць нікога,

Месца шмат у душы — й для святых,

І для веры ў людзей, і для Бога,

І для ўласных амбіцый — для ўсіх.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.