epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Малітва аб хлебе

Глядзіць мужык на неба

З дакорам і надзеяй.

У порах ссохла глеба,

Даўно ў дажджы патрэба,

Лютуюць сухавеі.

 

І ноччу выйдзе з хаты,

У небе чыста, зорна.

І рот ад крыўды сцяты —

Ці ж голад едзе ў сваты?

Ці ж не крануцца жорны?

 

І моліцца старая,

Да абразаў прыпаўшы:

— За што нас, Бог, караеш?

Грахі якія нашы?

 

Ці заклік малітоўны

Нарэшце здзейсніў мары —

А раніцай раптоўна

Ажыў настрой цудоўны —

Рашчодрыліся хмары.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.