epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Малёк

Кажуць, зранку маліся,

Днём — удачу лаві —

Не прыгожай радзіся,

А шчаслівай жыві.

 

*

 

Маладыя бацькі

Хваляць Бога услых

За дарунак такі —

Ёсць дачушка у іх.

 

Над ружовасцю шчок

Вочкі-зоркі блішчаць.

Ненаглядны малёк —

Васілінкаю зваць.

 

Цешыць мамку малёк

Цешыць татку яна.

Вось і першы ўжо крок,

Што ні дзень — навізна.

 

Васілінцы ўжо год,

«Юбілярка», пішы.

Слова «ма-ма», як мёд,

Для бацькоўскай душы.

 

Што для шчасця яшчэ

Трэба ў моры жыцця?

Час няспынна цячэ,

Падрастае дзіця.

 

Першы крок — першы раз.

Першых слоў шчабятня.

А затым — першы клас

І урокі штодня.

 

Ужо наведваюць сны

Не дзіцячыя сны.

Гэта — подых вясны...

Вось і баль выпускны.

 

Зноўку тут першы раз

І апошні ўжо раз,

Як на крылах нясе

Выпускны школьны вальс.

 

Васілінка — вясна,

Кожны бачыць здалёк.

Ды з маленства яна —

Ўсё Малёк ды Малёк.

 

*

 

Васілінка й Алесь

Закахана жылі

Летуценне іх дзесь —

Цесна тут на зямлі.

 

Цесна марам было,

Кліча ў неба вясна.

Ён — кахання крыло,

А другое — яна.

 

Кожны дзень, кожны міг.

Іх каханне нясе.

Хто ні ўбачыў бы іх,

Захапляліся ўсе.

 

Дый было ад чаго —

Баль вясны настае.

Ўся Малёк для яго,

Ўвесь Алесь для яе.

 

*

 

Абвясцілі усім —

Конкурс-баль для дзяўчат.

Маладосці парад,

Прыгажосці прагляд.

 

Ох, якая цана

Год у гонары жыць!

Зможа толькі адна

«Каралеваю» быць.

 

А дзяўчатаў — букет,

Прыгажуні ўсе — бач!

Тут, здаецца, ўвесь свет

І суддзя, і глядач.

 

Дзень ўрачысты такі —

Зал паўнюткі прыціх.

Тут сядзяць і бацькі

Канкурсантак усіх.

 

Дзень ўрачысты такі —

Прэса тут і журы.

Спонсары і дзялкі,

Тут малы і стары.

 

І пачаўся прагляд,

І закончыўся ён.

І гучыць для дзяўчат

Вынік, быццам скрозь сон.

 

Наступіла пара —

Гонар, смутак і шок.

Васілінцы — ура!

Каралева — Малёк!

 

*

 

Сярод тых гледачоў

Быў дзялок-прахіндзей,

Ўладамір Усачоў —

Костка ў горле людзей.

 

Меў ён грошы, таму

Не цураўся забаў.

А сумлення яму

Бог усё ж не дадаў.

 

Гонар быў у дзялка —

Зваў злачынства на «ты».

І паклаў на Малька

Вока Ўладзя круты.

 

Жыў —

Што грэх, што ні грэх,

Як парсюк за сталом.

Ён да брудных уцех

Шыбаваў напралом.

 

Пераняў неяк ён

Васілінку на дні:

— Каралеве паклон!

Праменад прыпыні.

 

— Што вам трэба? — Яна

Адхінулася ўбок.

— Я, Малёк,— круцізна!

Будзь маёю, Малёк!

 

Ад «навару» майго

Толькі дурань бяжыць.

Будзеш краляй — ого!

Будзеш ў золаце жыць.

 

Я адмовы тваёй

Ні на дух не прыму.—

І хоць жудасна ёй,

Адказала яму:

 

— Бачу вас першы раз,

Чую слоў вашых здзек.

Я не ведала вас,

І не ведаць бы век.

 

Кашалёк ваш ці нож

Хай мяне абміне.

Вось вам — Не! Да таго ж,

Ёсць каханы ў мяне.

 

Лепш Алеські няма,

Я належу яму.

Вы — нахабнасць сама,

Вы — няроўня яму.

 

Раптам штось ён пляснуў

Васілінцы у твар.

І закрылі вясну

Чарната, боль і жар.

 

І пачулася: — Ты

Мне адмовіла, зброд!

Пакаштуй кіслаты,

Каралева-урод.

 

*

 

Вось такая цана...

І за што вечны змрок?

Васілінка-вясна,

Васілінка-малёк.

 

З болю, з раны тупой,

Быццам свет гэты ўвесь...

З Васілінкай сляпой

Неразлучна Алесь.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.