epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Малюйце кветкі...

Н. Счаснай

 

— Малюйце кветкі! — мне мастачка кажа.—

Ад вашых твораў — чорных думак рой.

Каму патрэбна на палотнах «сажа»?

Не псуйце людзям веснавы настрой!..

 

І цяжка мне з мастачкай не згадзіцца,

Бо мора кветак — лепш, чым мора слёз.

Але ж Чарнобыль не ад нас імчыцца,

А ўсё бліжэй да нас — у кожны лёс.

 

І ўжо Чарнобыль «маладзіць» магілы,

І коціцца бяда, як снежны ком.

І не нясуць падпаленыя крылы

Таго, хто мусіў кінуць родны дом.

 

«Малюйце кветкі» — чуецца міжволі...

Але і кветкі адчуваюць жах,

Бо сёння іх на могільніках болей,

Чым на шматлікіх нашых кветніках.

 

Прабачце нас, чарнобыльскія дзеткі,

За чорны цень бязлітаснай бяды.

Сацрэалізму малявалі кветкі —

І вось яны — страшэнныя плады...

 

Няхай жыве на полі, на палотнах

Рамонкавае чыстае святло.

Малюю боль, каб сярод нас, смяротных,

Бяспамяцтва ніколі не расло.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.